У выніку Рада заклікала ўлады Беларусі спыніць масавыя парушэньні правоў чалавека і зацьвердзіла мандат спэцдакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн яшчэ на адзін год, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі ўзаемадзейнічаць з Анаіс Марэн, якую дагэтуль не пускаюць у краіну, вярнуцца да дыялёгу, а таксама даць дакладчыцы магчымасьць наведваць Беларусь і камунікаваць з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і ў грамадзянскай супольнасьці.
- Сябры Рады выказалі «глыбокую заклапочанасьць парушэньнямі правоў чалавека і бесьперапыннымі паведамленьнямі пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі».
- Яны заклікалі беларускі ўрад захоўваць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні ў сфэры абароны правоў чалавека і запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх рэпрэсаваных, а таксама неперадузята расьсьледаваць паведамленьні пра парушэньні правоў чалавека і катаваньні.
- Рада правоў чалавека ААН таксама настойвае, каб у Беларусі перагледзелі заканадаўства аб выбарах, якое цяпер ідзе насуперак міжнародным дэмакратычным патрабаваньням, а таксама стварылі дзяржаўны орган нагляду за выкананьнем правоў чалавека.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў ААН Юры Амбразевіч скрытыкаваў рэзалюцыю і дзеяньні Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі, заклікаў ня ўмешвацца ў справы Беларусі і галасаваць супраць. У выступах яго падтрымалі прадстаўнікі Расеі, Вэнэсуэлы, Кітаю, Кубы ды Эрытрэі.
Рэзалюцыю ўхвалілі галасаваньнем:
- 21 краіна-ўдзельніца выступіла «за»,
- 7 — «супраць»
- 19 — «устрымаліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН прадставіла даклад аб парушэньні правоў беларусаў
Што ў дакладзе Анаіс Марэн
Спэцдакладчыца ААН Анаіс Марэн 5 ліпеня прадставіла даклад датычна парушэньня правоў чалавека ў Беларусі на пасяджэньні Рады правоў чалавека ААН.
Анаіс Марэн заявіла, што з моманту яе апошняга дакладу сытуацыя ў Беларусі пагаршалася далей, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца.
У дакладзе апісваюцца парушэньні грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў беларусаў у 2020–2021 гг. Гаворка ідзе пра масавыя рэпрэсіі, перасьлед, катаваньні і жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі, ціск на журналістаў, мэдыкаў, адвакатаў і праваабаронцаў, іншыя парушэньні правоў чалавека.
Марэн згадала ў дакладзе пра 35 тысяч затрыманых, пра больш як паўтысячы палітвязьняў і заклікала ўрад Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх зьняволеных ды спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед з палітычных матываў.
У дыялёгу ўзялі ўдзел 35 прадстаўнікоў розных краін і няўрадавых арганізацый, якія асуджалі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку самалёта і арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, гаварылі пра неабходнасьць належнага расьсьледаваньня катаваньняў, якія прымяняліся з боку сілавікоў да мірных дэманстрантаў, заклікалі адмяніць сьмяротнае пакараньне, вызваліць усіх палітвязьняў, даць журналістам і адвакатам адпаведныя ўмовы для выкананьня іх прафэсійных абавязкаў і спыніць іх перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі прыпынілі працу менскага офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб катаваньнях у справе Міколы Дзядка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмысловая дакладчыца ААН: Беларускі ўрад актыўна перашкаджае абароне правоў чалавека ў краіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў ААН: Гатовыя да дыялёгу. Прадстаўнік Беларусі ў ААН: Гвалту і зьніклых падчас пратэстаў не было