Ільля напісаў больш за 2 тысячы лістоў палітычным вязьням і занёс ім у ІЧУ і СІЗА сотні кіляграмаў перадач.
«Адвакатка сказала, што прынамсі да канца нядзелі Ільля будзе ў ІЧУ. Яна сына бачыла ў пятніцу. Сказала, што трымаецца малайцом, бадзёры і нават выспаўся, нягледзячы на тое, што ані бялізны, ані матраца яму не далі ў ізалятары. Гэта што такое наогул? Ну вы схапілі чалавека, ён цалкам у вашай уладзе, дзеля чаго яго катаваць, прыніжаць? У мяне для сына не прынялі ваду. Я пыталася: «Як гэта так? Такая сьпёка! Гэта што — каб яшчэ і смагай катаваць?». Яны сваё: не паложана», — расказала маці валянтэра Валянціна Міронава.
Яна ня ведае, за што затрымалі Ільлю. Нічога не гаворыць і адвакатка, бо яна дала падпіску аб невыдаваньні. «Мусіць, не пасьпелі яшчэ прыдумаць, за што. Кватэру на ператрусе перавярнулі дагары нагамі. Што можна было знайсьці ў Ільлі? Канвэрты, лісты, паштоўкі», — дадала маці.
У гомельскім ІЧУ ад 8 ліпеня знаходзіцца таксама палітык і праваабаронца Васіль Палякоў. Жонцы стала вядома, што яго затрымалі за нібыта «акт тэрарызму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліставаньне з палітвязьнямі — новая форма беларускага «тэрарызму»? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напісаў 2 тысячы лістоў, занёс дзясяткі кіляграмаў перадач. Хто такі Ільля Міронаў, якога схапіў КДБ