Прыезд сілавікоў да журналістаў у Магілёве
У рэдакцыю сайту «Магілёўскі рэгіён» прыехала міліцыя, паведамляюць праваабаронцы Магілёва. Ператрусу ня будзе, сілавікі хочуць пагутарыць з рэдактарам Дзьмітрыем Салаўёвым, сустрэча будзе ня ў офісе, паведамілі пазьней праваабаронцы.
Ператрусы ў Берасьці
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», раніцай 13 ліпеня да выдаўца брэсцкага часопіса «Бинокль» Дар’і Гарашчанкі прыйшлі зь ператрусам сілавікі.
Пра гэта Tut.by паведамілі калегі Дарʼі. Яе павезьлі на апытаньне ў Ленінскі РАУС Берасьця, а пазьней адпусьцілі, забраўшы мабільны тэлефон.
Гэта ўжо ня першы перасьлед Дар’і Гарашчанкі. Раней, у канцы лютага, супраць яе мужа Паўла Гарашчанкі распачалі крымінальную справу. Тады мужчыну затрымалі на 72 гадзіны.
І да галоўнай рэдактаркі «Бинокля» Ксеніі Пятровіч таксама прыходзілі зь ператрусам. Аднак самой Ксеніі тады не было на месцы прапіскі – дома была яе маці, якая не пусьціла сілавікоў, бо зьбіралася ў санаторый, а праз ператрус спазьнілася б. Пра гэта напісала ў твітэры сама Ксенія Пятровіч.
Таксама 13 ліпеня зь ператрусам раніцай прыйшлі да берасьцейскай фатографкі Вольгі Латышавай. Пра гэта Вольга паведаміла ў сваім Twitter.
Акрамя вобшукаў у Дар'і Гарашчанкі і Вольгі Латышавай 13 ліпеня раніцай у Берасьці супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрусы ў іншых асобаў у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму). Людзі, у якіх адбываліся ператрусы, зараз маюць працэсуальныя статусы сьведак.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» даведаўся пра мінімум 6 ператрусаў у берасьцейцаў сёньня а 6-й раніцы, пасьля якіх сілавікі забіралі людзей на допыт у якасьці сьведак і адпускалі.
Так, сілавікі прыйшлі да Шчурко, Цяліпкі. На допыт у якасьці сьведкі вазілі Рамана Берасьценю, потым яго вызвалілі. Раніцай таксама затрымалі Анастасію Мантраву, у яе сёньня мусіў быць суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці затрымалі мужа заснавальніцы незалежнага сайту «Бинокль»Перасьлед часопіса «Бинокль»
26 студзеня да «Бинокля» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Яны правялі «агляды» ў межах праверкі. Па выніках канфіскавалі дакумэнты, пячаткі, кампутары, смартфоны, флэшкі, нататнік. На падставе матэрыялаў праверкі сьледчыя вырашалі, ці ёсьць падставы для завядзеньня крымінальнай справы.
Пасьля гэтага тэлеграм-канал выданьня доўгі час не абнаўляўся, а сайт binkl.by па сёньняшні дзень недасяжны.
13 траўня тэлеграм-канал гарадзкога часопіса аб Берасьці «Бінокль» перайменавалі ў «Брест Live». Усе папярэднія пасты рэсурсу выдалілі, на іх месцы зьявілася міліцэйская зводка. Па словах галоўнай рэдактаркі партала Ксеніі Пятровіч кантроль над каналам рэдакцыя страціла ўжо нейкі час таму. На месцы старых пастоў зьявілася крымінальная хроніка.
«Неяк круцімся, штосьці плянуем, некаторыя тэксты аддавалі і іншым выданьням. Для чытачоў мы ўжо не працуем з канца студзеня. Сайт не працуе каля месяца. Але ўсю рэзэрвовую інфармацыю мы захавалі. Калі мы працягнем працаваць і на якой плятформе, я пакуль што сказаць не магу. Нас да гэтага часу трасуць», — казала у траўні Свабодзе Ксенія Пятровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас да гэтага часу „трасуць“». Тэлеграм-канал незалежнага выданьня «Бінокль» зь Берасьця ўзламалі невядомыяПератрусы на Гомельшчыне
У Гомелі крымінальны вышук працягвае цікавіцца сайтам «Сильные новости». Раніцай 13 ліпеня міліцыянты прыйшлі да бухгальтаркі Ганны Стрэльчанкі. З чым зьвязаны ператрус, пакуль невядома, паведамляе gomel.today.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 12 ліпеня: вобшукі ў жонкі берасьцейскага праваабаронцы, культуроляга Зарэцкую аштрафавалі на 2900 рублёў9 ліпеня сілавікі прыйшлі амаль да ўсіх супрацоўнікаў «Сильных новостей», прайшлі ператрусы па месцы іх жыхарства і ў офісе. Міліцыя забірала тэхніку і носьбіты інфармацыі.
У Рэчыцы міліцыянты прыйшлі дамоў да прадпрымальніка Дзяніса Шылянка з пастановай аб ператрусе па справе паводле арт. 289 (Акт тэрарызму), піша «Палеская вясна». У траўні ён атрымаў 25 сутак арышту за майку з афіцыйным гербам Рэчыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Марціновіча сілавікі пабілі пры затрыманьні