Onliner адключыў камэнтары пад навінамі: «Сытуацыя зьмянілася»

Скрыншот старонкі Onliner.by

На партале Onliner ад канца восені мінулага году працавала прэмадэрацыя. Але цяпер магчымасьці камэнтаваць тэксты ня будзе. У рэдакцыі патлумачылі прычыну.

«Мадэратары штодня прачытвалі дзясяткі тысяч паведамленьняў і публікавалі іх на сайце. Гэта быў сумленны і адкрыты „зрэз настрояў“. Мы ўдзячныя ўсім нашым чытачам і ганарымся, што змаглі стварыць самую актыўную пляцоўку для абмену думкамі ў краіне. Але сытуацыя зьмянілася», — заявіла кіраўніцтва парталу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паўстане пасьля «зачысткі» мэдыйнай прасторы? Меркаваньне мэдыяэкспэрта

Паводле рэдакцыі, апошнім часам у Беларусі прынялі шэраг законаў, якія робяць больш жорсткай адказнасьць за публікацыю «незаконнага» кантэнту. Пры гэтым мяжы паміж «законным» і «экстрэмісцкім» меркаваньнем часта складана вызначыць нават юрысту.

У выніку было прынятае рашэньне на няпэўны час адмовіцца ад камэнтароў чытачоў.

Пры гэтым на рэсурсе застаўся тэматычны форум для абмеркаваньня побытавых пытаньняў.