Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў:
- Сьвятаславу Герасімуку (17 красавіка ўзяў шлюб у СІЗА) — 4 гады 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму
- Давіду Збаранскаму (сустрэў 18-годзьдзе ў СІЗА) — 3 гады калёніі агульнага рэжыму
- Максіму Імховіку (непаўналетні) — 3 гады выхаваўчай калёніі
- Валеру Мельнічуку — 4 гады і 6 месяцаў узмоцненага рэжыму
- Івану Пацейчуку (непаўналетні) — 3 гады выхаваўчай калёніі
- Марку Сірадзэ — 4 гады калёніі узмоцненага рэжыму
- Андрэю Тарасаўцу (былы непаўналетні) — 3 гады калёніі агульнага рэжыму
- Вячаславу Трафімуку — 4 гады калёніі узмоцненага рэжыму.
Менавіта такія тэрміны для падсудных прасіў 7 ліпеня пракуроры Тарасюк і Бацюшка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе аб «масавых беспарадках» у Берасьці судзяць яшчэ 12 чалавек, зь іх трое непаўналетніхПершапачаткова на лаве падсудных былі 13 фігурантаў. Аднак, па інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», падчас праходжаньня судовых пасяджэньняў трое абвінавачаных — Марк Антонаў, Яўген Пекач І Аляксандар Цімафееў — захварэлі на інфэкцыйныя хваробы. У выніку судзьдзя вырашыў вынесьці іх справы ў асобнае вядзеньне. Яшчэ адзін абвінавачаны, Алег Юраў, які ня быў узяты пад варту, на паседжаньне двойчы не заявіўся. У выніку яго абвясьцілі ў вышук.
7 ліпеня, на перадапошнім судовым пасяджэньні, абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. «Вясна» працытавала 18-гадовага Давіда Збаранскага:
«Мама, тата. Прабачце, што так выйшла. [...] Нягледзячы на тое, што ваш сын у турме, вам ня варта гэтага саромецца. Я не злачынца, ня злодзей, не забойца. Дзякуй за выхаваньне і за ўсё, што вы мне далі. Я вас вельмі люблю».
У чым вінавацяць фігурантаў?
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня, падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця, — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і нібыта ўчынілі пагромы. Яны таксама нібыта чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
Потым абвінавачаныя нібыта наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.
У выніку беспарадкаў, па вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў.
Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла ў 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА
Каго ўжо пакаралі?
У справе аб «масавых беспарадках» у Берасьці на гэты момант агулам асудзілі ўжо 22 асобы.
10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі 3 гады выхаваўчай калёніі.
21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Суд над трэцяй часткай абвінавачаных працягваецца з 28 траўня па сёньняшні дзень. У справе праходзяць 13 фігурантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой бацька-вэтэран ваяваў, каб яго ўнук сядзеў ні за што?» — маці палітвязьня Дзьмітрыя Тура