На датэрміновых выбарах у Малдове перамаглі праэўрапейскія сілы

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, чыя партыя перамагае на выбарах.

У Малдове ў выніку пазачарговых выбараў у парлямэнт прайшлі тры партыі з дваццаці, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі.

Прэзыдэнцкая Партыя дзеяньня і салідарнасьці (ПДС) перамагла. Прыхільнікі Маі Санду атрымалі 52,8% галасоў выбарнікаў.

Супрацьлеглы ім блёк камуністаў і сацыялістаў на чале з былымі прэзыдэнтамі Рэспублікі Малдова Ўладзімірам Вароніным і Ігарам Дадонам атрымаў 27,17% галасоў.

У нацыянал-кансэрватыўнай партыі «Шор» на чале з прадпрымальнікам Ілан Шорам — 5,74%.

Паводле ацэнкі старшыні ЦВК, датэрміновыя парлямэнцкія выбары прайшлі без істотных парушэньняў. Яўка выбарнікаў склала 48,1%.

Датэрміновыя выбары ў парлямэнт былі прызначаныя з прычыны палітычнага крызісу, выкліканага прыкладна роўным разьмеркаваньнем сіл ва ўладных структурах паміж прыхільнікамі прарасейскага курсу і іх апанэнтамі на чале з Маяй Санду, якія выступаюць за збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове распусьцілі парлямэнт і прызначылі новыя выбары на 11 ліпеня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы ініцыюе роспуск парлямэнту. «Мы паўстанем перад судом грамадзян»