У анатацыі да выданьня 73-гадовы Алесь Клышка адзначае, што ягоная «...кропка» — у пэўным сэнсе падсумаваньне шматгадовай творчасьці. Цяпер такі час, што няма калі разгушквацца, трэба пасьпяшацца жыць, кажа ён.
«Падштурхнуў каранавiрус, нявызначынасьць — цi выжывеш пад гэтай навалай, — так адказаў ён на пытаньне Свабоды, што спадзьвігла на фінансава затратную справу. — Сапраўды, грошы, адкладзеныя „на той самы дзень“, пайшлі на гэты праект — на жаль, бальшыня аўтараў у нас не зарабляе, толькі траціць. А што да распаўсюду, дык гэта як тая вiзытоўка: абы каму не раздаюць. Падобныя кнiгi — гэта жывая гiсторыя, такіх цяпер амаль няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Клышка: Мой «электарат» — найлепшыя ў сьвеце беларускія дзеткіУ другой палове нулявых Алесь Клышка цяжка захварэў, быў літаральна на мяжы жыцьця і сьмерці. Праз зацятыя малітвы і падтрымку неабыякавых людзей цудам выкараскаўся, але наступствы не адпускаюць дагэтуль — праз штучныя суставы, у якіх пры гэтым яшчэ і заканчваецца гарантыйны тэрмін, складана перасоўвацца.
Ён інвалід І групы, але жонка, дзеці, унукі, сябры забясьпечваюць неабходную падтрымку. Таму нават у намінальнай «...кропцы» ня супраць паставіць шматкроп’е...
Гістарычная эпоха ў новай кнізе Алеся Клышкі ахоплівае больш чым 100-гадовы пласт — ад рэвалюцыі 1905 году, удзельнікам якой быў ягоны дзед Ёсіф Голубеў, да вымушанай «калябарацыі» сям’і ў акупаваным Менску і асабістага выпрабаваньня — хваробы, якая ледзь дачасна не зацягнула на той сьвет. Усё гэта ў той ці іншай ступені адлюстравана ў паэме «Менская зямля», якой аўтар апярэджвае свой наступны аповед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзёньнік калябаранткі». Як менчукі выжывалі пад нямецкай акупацыяй. Шмат архіўных ФОТА«Трэба жыць так, каб не пакідаць пасьля сябе пакрыўджаных людзей», — кіруецца ўласнай аксыёмай Алесь Клышка.
«Як навуковец я разумею: трэба аналiзаваць (занатоўваць) кожны момант жыцьця, бо гэта — сапраўдны цуд, дадзены Ўсявышнiм, i да яго трэба ставiцца зь вялiкаю увагай i бязьмернай удзячнасьцю. Таму пiшыце дзённiкi, складайце нататнiкi, рабiце здымкi, запiсвайце успамiны старых людзей. Любiце жыцьцё!», — заклікае Алесь Клышка.
У кнізе пэрсанальныя прысьвячэньні людзям, якія на розным часовым этапе істотна паўпывалі на лёс аўтара. У гэтым пачэсным пераліку манах Іаан (філёзаф Алег Бембель і ён жа паэт Зьніч), паэт Рыгор Барадулін, літаратар і дыплямат Генадзь Бураўкін, пісьменьнік і грамадзкі дзяяч Васіль Якавенка, журналісты Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла, навукоўцы Яўген Панкрацін і Кастусь Лапко, футбаліст Юры Мартынаў, а таксама шматлікія сямейнікі.
Паводле Алеся Клышкі, ужо пайшла зваротная сувязь. Вось што напісала загадчыца інфармацыйнага сэктару рэдакцыі інтэрнэт-парталу Нацыянальнай бiбліятэкі Алена Якавенка, дачка памерлага ў 2018 годзе ягонага блізкага сябра Васіля Якавенкі.
«Дачытала Вашу кнігу, і вось што падумала. Вас, Алесь Аляксандравіч, можна назваць жыцьцятворцам, чалавекам, які жыве так, быццам кнігу піша. У свой час выкладчыца і дасьледчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец казала так пра Ўладзімера Дубоўку. Вы зь ім падобныя і постацьцю, і самавітасьцю, і стойкасьцю ў выпрабаваннях, нязломнасьцю. І тым, што біяграфія падобная на раман».
Пішуць і людзі, нязбалаваныя публічнай увагай, але шчыра адданыя сваёй справе. Як Лiя Шынкевiч, настаўнiца гiмназii са Слонiму, таксама адна зь гераінь «...кропкі».
«Вы — літаратар, чалавек, патрыёт зь вялікай літары. Такіх людей няшмат, асабліва у цяперашні час. Прыемна, што наша навуковая праца высока ацэнена вамі, не спадзявалася, што патрапіць на старонкі гэтай кнігі. „...кропка“ — гэта прадмет гонару. Але няхай у вашым творчым працэсе зьявіцца яшчэ і шматкроп’е. Спадзяюся, вам не ўдасца ўхіліцца. Радуйце надалей чытачоў сваім майстэрствам», — пажадала яна.
Алесь Клышка — карэнны мянчук у трэцім пакаленьні. Нарадзіўся 8 сакавіка 1948 году ў вялікай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Быў вымушаны рана пайсьці працаваць, яшчэ з 16-гадовага ўзросту. Пасьля заканчэньня вечаровай школы паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут (БПІ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клышка: Кар’еру прафэсійнага футбаліста мог распачаць у ЧачніПасьля працаваў на МАЗе. Гуляў у футбол за аўтазаводзкую каманду «Тарпэда», меў шанцы працягнуць кар’еру на сталай аснове ў іншых клюбах СССР, але абраў навуковы шлях.
Вярнуўся ў БПІ, абараніў дысэртацыю, кандыдат тэхнічных навук. Працаваў у НДІ прыкладных фізычных праблемаў Белдзяржунівэрсытэту, аўтар блізу сотні навуковых працаў і вынаходніцтваў.
На літаратурнай ніве апошнія два дзясяткі гадоў. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Першы паэтычны збор «Ад каранёў да кроны» выйшаў у 2002 годзе. Пасьля сьвет пабачыла кнігі «Далёкае — блізкае», «Абярог», «Даравальная нядзеля», «Менская зямля», нізка чытанак для дзяцей.
Укладальнік гістарычнай кнігі «Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева». У суаўтарстве з манахам Іаанам выдаў кнігі «Жыровіцкія камяні», «Шлях да Жыровічаў», «Жыровіцкая пастараль», «Званіца. Выбранае ад дыялёгаў». Аўтар шэрагу відэа- і аўдыёкніжак.
Алесь Клышка даўно ў шлюбе з жонкай Сьвятланай, у іх вялікая сям'я: сын і дачка, пяцёра ўнукаў і праўнук.