Затрыманага ў Менску расейца Дуднікава ў СІЗА пачаў наведваць псыхоляг

Ягор Дуднікаў, архіўнае фота

У пачатку ліпеня маці Ягора Дуднікава заявіла пра пагаршэньне здароўя сына: паводле яе, у Ягора быў «нязводны галаўны боль, разьбіты зуб, які ўвесь час баліць, і панічныя атакі».

Затрыманы ў Менску 20-гадовы грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў пачаў атрымліваць дапамогу псыхоляга, паведаміў ТАСС адвакат расейца Антон Гашынскі. Ён таксама распавёў, што Ягора Дуднікава турбаваў зубны боль, але праблема ўжо вырашаная.

«Сьледзтва па справе ідзе. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага», — адзначыў юрыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці затрыманага ў Менску расейца Дуднікава расказала пра пагаршэньне ягонага здароўя

20-гадовы грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў застаецца за кратамі ад 5 траўня. У той дзень яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве пачалі супраць расейца крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за агучваньне відэаролікаў і аўдыёпаведамленьняў у тэлеграм-канале «ОГСБ». Ягор празь ліст з СІЗА расказаў пра катаваньні і біцьцё, якія ўжываліся да яго пасьля затрыманьня. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Адвакат падаваў скаргу на меру стрыманьня, абраную Дуднікаву, але яна не была задаволеная.

2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі выкрылі «сьпячыя» тэрарыстычныя групоўкі, «так званыя атрады самаабароны». Каардынатарамі ён назваў краіны — Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Нямеччыну. Згадаў тэлеграм-рэсурс «Атрады самаабароны Беларусі». І сказаў, што «асноўны мадэратар гэтага дзейства — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Дуднікаў», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагражаюць, што з турмы жывым ня выйдзе». Ціск на палітвязьня Дуднікава працягваецца і ў СІЗА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены ў Менску расеец Дуднікаў паскардзіўся на катаваньні і абмежаваньне ліставаньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў грамадзянку Расеі «асноўным мадэратарам» «сьпячай тэрарыстычнай ячэйкі». Што пра гэта вядома?