Агульная сьмяротнасьць у Расеі ў чэрвені ўзрасла амаль на 13,9 працэнтаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, паведаміла віцэ-прэм’ер РФ Тацяна Голікава. Яна зьвязала рэзкі рост памерлых з распаўсюджваньнем у краіне новага штаму каранавірусу «дэльта», піша Interfax.ru.
У чэрвені ў Расеі штодня фіксавалася ў сярэднім 14,7 тысяч новых выпадкаў Covid-19, што на 70% больш, чым у траўні, калі кожны дзень рэгістравалі ў сярэднім па 8,6 тысяч хворых.
Сёньня ў Расеі зноў абнавіўся сутачны максымум сьмерцяў ад COVID-19. За суткі ад наступстваў каранавіруснай інфэкцыі памерлі 752 чалавекі. Папярэдні максымум — 737 чалавек — быў зафіксаваны 6 ліпеня, сьведчыць фэдэральная статыстыка. Усяго за суткі ў Расеі выявілі 25 082 новыя выпадкі заражэньня, з пачатку пандэміі ўлады паведамілі аб 5 758 300 выпадкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19: блізка 4 мільёны ахвяраў; штам «дэльта» больш небясьпечны для маладыхПра тое, што сярод інфікаваных каранавірусам масквічоў 90 адсоткаў хварэюць менавіта «дэльтай», казаў раней мэр сталіцы Сяргей Сабянін. На фоне трэцяй хвалі эпідэміі дзясяткі расейскіх рэгіёнаў уводзяць абавязковую вакцынацыю, у той жа час, паводле апытаньняў расейскіх грамадзян, менш за трэць гатова прышчапіцца.
У Беларусі таксама зафіксаваныя выпадкі новага штаму каранавірусу «дэльта». Паводле афіцыйнай статыстыкі, сутачны паказьнік захворваньня на COVID-19 у Беларусі перавышае тысячу выпадкаў трэці дзень запар: за мінулыя суткі афіцыйна зарэгістравалі 1082 новыя выпадкі COVID-19, 9 ліпеня было зарэгістравана 1250 новых выпадкаў, 8 ліпеня — 1035 новых выпадкаў, у папярэднія колькасьць новых выпадкаў была меншай за тысячу. Таксама трэці дзень фіксуюць па 11 выпадкаў сьмерці хворых з каранавіруснай інфэкцыяй.
Новы штам каранавірусу «дэльта», які таксама называюць «індыйскім», лічыцца больш заразным, чым «уханьскага» вэрсія вірусу і часьцей прыводзіць да цяжкага цячэньня хваробы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна праз новы штам каранавірусу ўвяла дадатковыя патрабаваньні на мяжы для тых, хто ўяжджае з Расеі