Джыхан Садат нарадзілася ў 1933 годзе ў сьвецкай сямʼі эгіпцяніна і брытанкі. У 1949 годзе яна выйшла замуж за Садата, які быў у два разы старэйшы за яе і разьведзены, сядзеў некалькі разоў у турме за ўдзел у падпольных арганізацыях і за супрацоўніцтва зь нямецкай выведкай. Праз тры гады Садат далучыўся да вайсковага перавароту і зачытаў у радыёэфіры зварот лідэра змовы. Ён займаў розныя дзяржаўныя пасады і ў 1970 годзе быў абраны прэзыдэнтам краіны пасьля сьмерці другога прэзыдэнта Гамаля Абдэра Насэра.
Джыхан адыграла значна больш актыўную ролю ў грамадзкім жыцьці Эгіпту, чым папярэднія жонкі кіраўнікоў дзяржавы, адзначае Бі-Бі-Сі. У канцы шасьцідзясятых гадоў яна крэдытавала малы бізнэс эгіпецкіх жанчын, каб зрабіць іх фінансава незалежнымі ад сваіх мужоў. У канцы сямідзясятых яна ўзначаліла кампанію дзеля зьмены эгіпецкіх законаў, каб пашырыць правы жанчын пры разводзе і дазваляць ім пакідаць сабе дзяцей і выхоўваць іх пасьля шлюбу.
Нягледзячы на супраціў кансэрватыўных мусульманскіх колаў, у 1979 годзе яе муж падпісаў падтрыманыя ёю законы і ўсталяваў квоту на прысутнасьць жанчын у парлямэнце рэспублікі, што было сапраўдным прарывам для правоў жанчын у арабскім сьвеце. У 1974 годзе Джыхан паступіла ва ўнівэрсытэт, дзе вучылася адначасова з трыма сваімі дзецьмі. Абарону яе дыплёма паказвалі па тэлевізіі, яна натхніла сваім прыкладам многіх жыхарак краіны, дзе вышэйшая адукацыя лічылася, у асноўным, прэрагатывай мужчын.
У 1981 годзе Анвар Садат быў забіты на вайсковым парадзе змоўнікамі, якія прадстаўлялі групы ісламскіх фундамэнталістаў. Джыхан засталася ўдавой у 46 гадоў. Пасьля сьмерці Анвара Садата Эгіптам 30 гадоў кіраваў аўтарытарны прэзыдэнт Хосьні Мубарак, які захаваў у краіне сьвецкі лад. Пры ім Джыхан Садат займалася грамадзкай дзейнасьцю і чытала лекцыі, падтрымліваючы правы жанчын і мірныя працэсы на Блізкім Усходзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі рэвалюцыя прыводзіць да горшага. Як зьмяніўся Эгіпет за 10 год