Жонцы праваабаронца стала вядома, што Палякова затрымалі паводле артыкулу, зьвязанага з тэрарызмам. Цяпер ён у ІЧУ. Ільля Міронаў жа цяпер ва ўпраўленьні КДБ па Гомельскай вобласьці.
«Учора я вярнулася зь лецішча, а ў кватэры проста пагром! Як Мамай прайшоўся. Усё перавярнулі дагары нагамі і зьвезьлі Ільлю. Я казала яму, ды ён і сам разумеў, што яго могуць арыштаваць. Мы былі нібыта гатовыя, але... Усё-ткі гэта нечакана было», — расказала Валянціна Міронава, маці валянтэра.
Ранкам 9 ліпеня ёй патэлефанавалі з УКДБ, папрасілі прынесьці рэчы для Ільлі.
«За што затрымалі? Сказалі, сакрэт. Па якім артыкуле — сакрэт! Я прасіла, каб перадалі сыну, што я яго вельмі люблю і заўсёды буду падтрымліваць. А ім сказала: „Хай толькі хоць волас упадзе з галавы майго сына!“. Пасьля ператрусу не пакінулі нават пратаколу вобшуку, і гэта ў кватэры, дзе я гаспадыня! Можа, там кулямёт які падкінулі, адкуль я ведаю?» — дадала маці.
Ільля ў 2011 годзе ўдзельнічаў у «маўклівых акцыях». Займаўся таксама арганізацыяй канцэртаў. Улетку 2020 году ён вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў, і далучыўся да «Гомельскага валянтэрскага руху». Шмат часу Ільля праводзіў пад РАУС і ІЧУ, зьбіраў зьвесткі пра затрыманых, інфармаваў іх сем’і, дапамагаў перадачамі.
Ад пачатку пратэстаў яго некалькі разоў затрымлівалі, увосень ён 30 сутак правёў у ІЧУ. Пасьля вызваленьня пісаў лісты палітвязьням, насіў перадачы ў СІЗА, падтрымліваў сем’і зьняволеных. Агулам Ільля напісаў больш за 2 тысячы лістоў «палітычным», занёс дзясяткі кіляграмаў перадач у ІЧУ і СІЗА.
У сваім фэйсбуку Ільля часта пісаў, што не пакіне Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 ліпеня затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятары сама меней 14 журналістаў і грамадзкіх актывістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах у Беларусі асудзілі 125 чалавек