Шэсьць чалавек былі арыштаваныя і сямёх, як паведамляецца, забілі, калі гаіцянскія сілы бясьпекі перасьледавалі баевікоў, адказных за забойства прэзыдэнта Жавэнэля Маіза.
«Іншаземцы прыехалі ў нашу краіну, каб забіць прэзыдэнта. Там былі 26 калюмбійцаў, апазнаных па пашпартах, а таксама два амэрыканцы з Гаіці», — сказаў начальнік нацыянальнай паліцыі краіны Леон Шарль на прэс-канфэрэнцыі.
Ён прадэманстраваў некалькі калюмбійскіх пашпартоў, а таксама штурмавыя вінтоўкі, мачэтэ, рацыі і іншыя сродкі.
Раней агенцтва Associated Press са спасылкай на афіцыйных асоб у Гаіці паведамляла, што ўлады краіны, па папярэдніх дадзеных, затрымалі двух грамадзян ЗША, якія маглі мець дачыненьне да забойства гаіцянскага прэзыдэнта. Мяркуецца, што гаворка ідзе пра амэрыканцаў гаіцянскага паходжаньня, прычым адзін зь іх — былы ахоўнік канадзкай амбасады ў Порт-о-Прэнсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаіці застрэлілі чатырох і затрымалі дваіх меркаваных забойцаў прэзыдэнта краіныПры гэтым іншыя амэрыканскія СМІ паведамляюць толькі пра аднаго затрыманага амэрыканца, а прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што бачыў публікацыі на гэтую тэму, але пакуль ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць такія дадзеныя.
Акрамя грамадзян ЗША, у нападзе на прэзыдэнта Гаіці ўдзельнічалі калюмбійцы — паводле папярэдняй інфармацыі, адстаўныя вайскоўцы краіны. Пра гэта заявіў міністар абароны Калюмбіі Дыега Маляна. Ён запэўніў, што Калюмбія прыме ўдзел у расьсьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаіці забілі прэзідэнта краіны53-гадовага прэзыдэнта Гаіці Жавэнэля Маіза забілі ў ноч на 7 ліпеня ў яго рэзыдэнцыі Пэлерын ў Порт-о-Прэнсе. Атака на рэзыдэнцыю адбылася каля гадзіны ночы, прэзыдэнт быў сьмяротна паранены, паранілі і першую лэдзі Марціну Маіз. Яе адправілі на лячэньне ў ЗША, паведаміў пасол Гаіці ў Вашынгтоне Бакчыт Эдманд.
Пасьля нападу ў краіне абвясьцілі ваеннае становішча. Гэта рашэньне дае ўладам магчымасьць закрыць межы, надзяліць паліцыю і вайскоўцаў дадатковымі паўнамоцтвамі для забесьпячэньня выкананьня закону.