Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні. Гэта
- рэдактар сайту Ягор Марціновіч,
- кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко,
- рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько,
- галоўная бухгальтарка «Нашай нівы» Вольгі Раковіч.
Ва ўсіх чацьвярых дома адбыліся ператрусы, а потым іх павезьлі на допыты. Усе затрыманыя праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Усіх чацьвярых затрымалі на 72 гадзіны. Ператрусы таксама вяліся ў сувязі са справай па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трох рэдактараў і бухгальтарку «Нашай Нівы» затрымалі на 72 гадзіныЖонка Андрэя Скурко Паліна ноччу 9 ліпеня напісала ў фэйсбуку, як праходзіў ператрус у іх доме.
«Сёньняшні дзень быў доўгі, а я цяпер так не хачу пабачыць яго ў сьне, што ўсяляк адцягваю засынаньне. Самай стромнай была раніца. Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўгаворвала яго зьвярнуць увагу на гаршчок.
Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там...
Як у страшным сьне: паміж нашай маладзенькай сьлівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон. І, як у сьне, я зараўла з усёй сілы: «Андрэ-э-э-эйка, вобшук!!! Андрэй, у нас вобшук!!!!!»
Выходзіць мой муж з пакоя: «Ты нешта казала?»
Некалі будзе сьмешна ўспамінаць, спадзяюся.
Андрэй трымаўся агурком: спакойна, усё нармальна, гэта штатная сытуацыя.
Шкадую, што ня ўвесь час была побач, трымала яго за руку.
Мы з малым тусаваліся па ўсім доме, бо малога на месцы не ўтрымаеш. А Андрэй з гэтымі людзьмі («джэнтльмэнамі») пераходзіў з пакоя ў пакой. Было сьмешна, калі Тамаш закамандаваў ісьці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. «Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай», — паказвае адзін з панятых. «Я пагляджу», — кажа чалавек у масцы. Вы ня бачылі? — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: «Сандалік!»
Другому дзядзю ён падносіў, камэнтуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусьціў яму ваўчок.
«Навошта патрэбна столькі кніг» — пыталіся тым часам у Андрэя. «Я так і не прыдумаў, што адказаць», — кажа ён мне потым. Рэдкасны выпадак, калі мой дасьціпны, вясёлы муж не прыдумаў адказу.
З кніг міліцыю найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песьні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесьць «Побеждая оглянись»... Была яшчэ камічна-драматычная сытуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзьмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мэмуарах.
Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся.
Перажываю за сёньняшнія сны і заўтрашняе прабуджэньне. Калі малы па сваёй звычцы дзелавіта пойдзе адчыняць усе дзьверы: «Тата! Тата?»
Я так люблю цябе, мой мілы.
PS. Падыходжу да спальні ў час гэтага ўсяго і чую адтуль Андрэеў голас: «Цікава, што аснову эканомікі Старажытнай Русі складаў гандаль рабамі...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы», чатырох супрацоўнікаў рэдакцыі затрымалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Эўразьвязу асудзіў перасьлед «Нашай нівы» і іншых беларускіх журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 ліпеня затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятары сама меней 14 журналістаў і грамадзкіх актывістаў