Дзянісу Івашыну падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 12 верасьня. Ён сядзіць у горадзенскай турме ўжо 4 месяцы.
Больш за месяц ад журналіста не было лістоў. Яму лісты таксама не даходзяць. Аднак Івашын здолеў перадаць на волю пасланьне з-за кратаў. Чытач Свабоды падзяліўся зьместам ліста. Прыводзім ягоныя фрагмэнты.
«Ні на хвіліну не сумнявайся ў маёй ахвярнасьці і працягу шчырага служэньня нашай Бацькаўшчыне, Беларусі. Як быў, гэтак і застаюся патрыётам, адданым сэрцам Маці-Айчыне», — піша ён.
«Аднак мае асабістыя жаданьні, памкненьні зараз не нагэтулькі важныя, як значэньне маёй постаці. Я гэта выдатна разумею, асабліва цяпер, падчас актыўнай фазы вайны рэжыму нутранае акупацыі зь беларускім народам.
Мы менавіта на вайне, я хоць цяпер і не на перадавой, мая журналісцкая зброя вымушана адпачывае, але знаходжуся ў паўнавартасным палоне. Разам з тым мой статус не зьмяняецца: я быў і застаюся журналістам, мая дзейнасьць працягваецца нават сёньня, хаця і ў іншым аспэкце і кантэксьце, набываючы збольшага формы сымбалізму і ахвярнасьці.
Для ўсяго цывілізаванага сьвету рэпрэсіі і катаваньні журналістаў — фундамэнтальны выклік для існаваньня дэмакратычнае сыстэмы, для абароны правоў чалавека і свабоды слова. За гэтыя падставовыя чыньнікі вельмі шмат пралілося крыві, якая не дазволіць заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Менавіта праз гэта значэньне маёй постаці шматкроць узрастае. Праз гэта маем быць гатовыя да ўсяго».
«Галоўнае зараз — нашая Беларусь, ейнае дэмакратычнае пераўтварэньне. З Божай дапамогай гэта адбудзецца, будзем спадзявацца, у самай бліжэйшай будучыні».
«Маем быць адзінымі і падтрымліваць адзін аднога. Маем жыць і рухацца, сьцяўшы зубы. З палымянай верай у сэрцы, ясным і сьветлым розумам, шчырым пакліканьнем і ахвяраваньнем».
У Івашына ў турме пачаліся праблемы з сэрцам «на фоне пастаяннага стрэсу». Перадаць яму вэнтылятар на час сьпёкі не дазволілі. Сваякі даведаліся, што яго прыкладна раз на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ. Лісты ад яго і яму, па словах родных, ходзяць блага.
Справа Івашына. Галоўнае
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.
Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены журналіст Дзяніс Івашын трапіў у карцарДзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Адукацыяй эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пусьцілі на пахаваньне бабулі, прыносяць «СБ». Як жыве ў турме журналіст Дзяніс ІвашынСа словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць.
Пасьля таго, як Дзяніс выйшаў з карцару ў чэрвені, стала вядома, што ў яго там здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаліся прыступападобныя зьмены». Лекар турмы расказаў маці пра здароўе зьняволенага журналіста ІвашынаЭўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты