У Беларусі ўводзіцца сыстэма прафэсійнай атэстацыі мэдычных і фармацэўтычных работнікаў

Ілюстрацыйная выява

Катэгорый будзе тры — другая, першая і найвышэйшая.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі № 70, інфармуе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Вызначана, што атэстацыя праводзіцца на прысваеньне або пацьверджаньне кваліфікацыйнай катэгорыі — другой, першай і найвышэйшай, прысваеньне ажыцьцяўляецца пасьлядоўна. Тэрмін дзеяньня — 5 гадоў. Атэстацыя на прысваеньне 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі і яе пацьверджаньне зьяўляюцца абавязковымі.

Вызначаныя асобы і ўмовы, пры якіх дапускаюцца выпадкі выключэньня з агульнага парадку пры прысваеньні і пацьверджаньні кваліфікацыйнай катэгорыі:

  • работнікі, якія адпрацавалі на пасадзе службоўца менш за год;
  • цяжарныя жанчыны;
  • работнікі, прынятыя на ранейшае месца працы пасьля вайсковай службы па прызыве, альтэрнатыўнай службы;
  • работнікі, якія знаходзяцца на працяглым (больш за 4 месяцы) лячэньні;
  • работнікі, якія знаходзяцца ў замежных службовых выправах больш за 4 месяцы;
  • асобы, якія знаходзіліся ў водпуску для догляду дзіцяці да дасягненьня ім узросту 3 гадоў.

«Атэстацыйны іспыт складаецца з двух этапаў і праводзіцца ў выглядзе кампутарнага тэставаньня і гутаркі з дэманстрацыяй практычных навыкаў і рашэньнем сытуацыйных задач. Для дэманстрацыі практычных навыкаў можа быць выкарыстана сымуляцыйнае абсталяваньне лябараторый для адпрацоўкі навыкаў», — праінфармавалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4600 лекараў і 5500 кіроўцаў. Якіх спэцыялістаў не хапае ў Беларусі

Таксама пастановай вызначана, што найвышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя пацьвярджаецца па выніках толькі экспэртнай ацэнкі справаздачы аб прафэсійнай дзейнасьці работніка, атэстацыйны іспыт для пацьверджаньня найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі не праводзіцца.

Мэдычныя і фармацэўтычныя работнікі, якія маюць дзейныя кваліфікацыйныя катэгорыі на дзень набыцьця моцы новай пастановы, будуць праходзіць прафэсійную атэстацыю на яе пацьвярджэньне па заканчэньні чатырох гадоў і дзевяці месяцаў з дня ўступленьня ў сілу пастановы, гэта значыць у 2025-2026 гадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё, што робіцца цяпер, катастрофай адгукнецца ў будучыні», — знаныя лекары пра арышты і ад’езд дактароў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся новы сэрвіс мэдыцынскіх онлайн-кансультацый з працоўнымі месцамі для рэпрэсаваных лекараў