Прэс-сакратар Генпракуратуры Латвіі Уна Рэнэ заявіла LETA, што рашэньне было прынятае 28 чэрвеня. Прычыну, чаму ведамства адмовілася выдаць Беларусі палітыка, яна не назвала.
15 лютага Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала латвійскім калегам просьбу аб выдачы Цапкалы для прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці.
«Крымінальная справа ў дачыненьні да Цапкалы В. В. знаходзіцца ў вядзеньні галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, — гаварылася ў паведамленьні Генпракуратуры. — Яму інкрымінаваныя тры эпізоды атрыманьня хабару ў асабліва буйным памеры паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі міністар адказаў уладам Беларусі: «Хутчэй пекла замерзьне, чым мы возьмемся разглядаць вашы патрабаваньні»У Сьледчым камітэце нагадалі, што 21 лютага 1994 году паміж Беларусьсю і Латвіяй была заключаная дамова аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу- Валер Цапкала, не зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, пакінуў Беларусь разам зь дзецьмі 23 ліпеня 2020 году з прычыны пагрозы арышту.
- 8 лютага Сьледчы камітэт паведаміў, што накіраваў у Генпракуратуру Беларусі дакумэнты аб ініцыяваньні працэдуры экстрадыцыі Цапкалы.
- 9 лютага міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што патрабаваньне беларускіх праваахоўных органаў аб экстрадыцыі Цапкалы павінна быць адхіленае. «Разглядаю просьбу рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазыцыйнага палітыка Валера Цапкалы як непрыхаваную спробу помсты, патрабаваньне павінна быць адхіленае», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Твітэры.
- Чыноўнік адзначыў, што ў адпаведнасьці з латвійскім заканадаўствам рашэньне аб экстрадыцыі прымаюць кампэтэнтныя праваахоўныя органы пасьля ацэнкі ўсіх аспэктаў справы.