Дзе найчасьцей мігранты перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу і зь якіх краін яны паходзяць. МАПЫ

Літоўскія памежнікі затрымалі мігрантаў, якія незаконна перасяклі мяжу з тырыторыі Беларусі

З канца красавіка 2021 году паведамленьні афіцыйнага Менску і Вільні аб сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы моцна адрозьніваюцца.

Афіцыйныя паведамленьні ДПК Беларусі

Колькасьць затрыманых мігрантаў на мяжы зь Літвой з пачатку 2021 году, паводле беларускіх памежнікаў, павялічылася ў 20 разоў. За травень і чэрвень, інфармуе сайт Памежнага камітэту, на мяжы затрымалі 49 чалавек. Толькі чацьвёра зь іх спрабавалі трапіць у Беларусь, яшчэ 45 чалавек накіроўваліся ў краіны Эўразьвязу – Літву і Польшчу.

  • 4 траўня памежнікі Мазырскай памежнай заставы ля вёскі Мяхач Лельчыцкага раёну затрымалі грамадзяніна Ўкраіны, ён спрабаваў трапіць на месца пахаваньня родзічаў.
  • 9 траўня былі затрыманыя чатыры грамадзяніна Гвінэі, якія зь Беларусі спрабавалі трапіць у Польшчу. У той жа дзень яшчэ чатырох чалавек, грамадзян Кот д’Івуару, затрымалі ля Прывалкі. Яны спрабавалі трапіць у Літву.
  • 11 траўня ля Брузгоў затрымалі турэцкага грамадзяніна, які спрабаваў нелегальна трапіць у Польшчу. У той жа дзень, па інфармацыі Памежнага камітэту, у Браслаўскім раёне памежнікі спынілі 4 аўтамабілі, у якіх знаходзіліся 21 грамадзянін Іраку і 4 грамадзян Таджыкістану, якія накіроўваліся ў бок мяжы зь Літвой.
  • 13 траўня ў Горадзенскім раёне ля заставы «Польныя Багатыры» затрымалі групу зь пяці чалавек: грамадзян Камэруну, Гвінэі і Сэнэгалу. Усе яны, па вэрсіі беларускіх памежнікаў, хацелі трапіць у Польшчу.
  • 17 траўня ля пункту пропуску Новая Гута памежнікі затрымалі 33-гадовага грамадзяніна Турэцкай Рэспублікі, які спрабаваў нелегальна трапіць у Беларусь з Украіны. Ён патлумачыў, што хацеў такім чынам адведаць сваю дзяўчыну-беларуску. Турка аштрафавалі на 12 базавых і дэпартавалі ва Ўкраіну.
  • 11 чэрвеня памежныя службоўцы заставы Доцішкі ў Воранаўскім раёне на мяжы зь Літвой затрымалі пяцярых грамадзян Іраку. Мігранты перайшлі памежны сыгналізацыйны комплекс, але саму мяжу перасячы не пасьпелі. Усіх затрыманых накіравалі ў ІЧУ Лідзкага памежнага атраду.
  • 14 чэрвеня ў Мазырскім раёне на мяжы з Украінай памежнікі спынілі парушальніка мяжы, які патлумачыў, што спрабаваў трапіць зь Беларусі ва Ўкраіну ў абыход пункту пропуску, каб назьбіраць грыбоў. Затрыманы зьяўляецца грамадзянінам Украіны, які мае дазвол на жыхарства ў Беларусі.
  • 28 чэрвеня беларускія памежнікі паведамілі аб затрыманьні на мяжы з Украінай двух мігрантаў – грамадзян Турэччыны і Ўзбэкістану. Паводле Памежнага камітэту, яны са Стамбула транзытам празь Львоў і Беларусь зьбіраліся трапіць у Польшчу і далей у Нямеччыну. Мяжу Ўкраіны і Беларусі перасякалі на арандаваных роварах, пасьля затрыманьня былі дэпартаваныя ва Ўкраіну. У Беларусь мігранты спрабавалі трапіць у раёне ўкраінскага Шацку.

Месцы, у якіх беларусы ў траўні і чэрвені 2021 году затрымлівалі мігрантаў

Афіцыйныя паведамленьні зь Літвы

Афіцыйныя зьвесткі аб сытуацыі зь нелегальным перасячэньнем беларуска-літоўскай мяжы адрозьніваюцца ад паведамленьняў Памежнага камітэту Беларусі. Так, беларускі бок паведамляе, што за травень і чэрвень 2021 году беларусы затрымалі на мяжы зь Літвой 34 мігранты. А іхныя калегі зь Літвы сьцьвярджаюць, што толькі за 22 чэрвеня затрымалі на мяжы тры групы мігрантаў, усяго 58 чалавек.

За першае паўгодзьдзе 2021-га літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы зь Беларусьсю 1416 уцекачоў. У апошнія дні чэрвеня штодня літоўскія памежнікі затрымлівалі на мяжы каля 100 чалавек. 2 ліпеня урад Літвы абвясьціў рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў краіне.

Месцы, у якіх, паводле літоўскіх памежнікаў, найчасцей адбываюцца затрыманьні мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю

У якіх месцах мігранты перасякаюць мяжу найчасцей

Найчасьцей літоўцы затрымліваюць мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю ў раёне населеных пунктаў Адуцішкі, Сьвянцяны (Швянчоніс), Падбродзьдзе. Акурат у Падбродзьдзі (Pabradė) знаходзіцца адзін зь лягераў, дзе разьмяшчаюць мігрантаў.

Яшчэ адзін кірунак, якім мігранты з краін Азіі і Афрыкі накіроўваюцца ў Літву праз тэрыторыю Беларусі, – ваколіцы Эйшышак і раён Варэны, Друскенікі.

Беларускія памежнікі ў траўні і чэрвені паведамлялі аб затрыманьнях грамадзян Іраку на мяжы зь Літвой у Браслаўскім раёне, а таксама мігрантаў з Афрыкі ў Горадзенскім раёне.

Колькасьць затрыманых беларускімі памежнікамі мігрантаў і колькасьць затрыманых літоўскім бокам

Адкуль і як мігранты трапляюць у Беларусь

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, затрыманыя яго супрацоўнікамі за травень і чэрвень 2021 году мігранты паходзілі з Іраку, Гвінэі, Кот д’Івуару, Сэнэгалу, Камэруну, Турэччыны, Таджыкістану. Здараюцца таксама адзінкавыя выпадкі затрыманьня грамадзян Украіны. Больш за ўсё за два месяцы беларусы затрымалі іракцаў – 21 чалавека.

Літоўскія памежнікі прыводзяць зьвесткі, паводле якіх абсалютная большасьць затрыманых на мяжы зь Беларусьсю ў 2021 годзе мігрантаў таксама паходзіць з Іраку, – 615 чалавек. Таксама за гэты час затрымалі 196 грамадзян Конга, 110 камэрунцаў, 80 грамадзян Гвінэі, 57 – Ірану, а таксама шэрагу іншых краін.

Большасьць затрыманьняў на мяжы Літвы і Беларусі таксама адбылася з канца красавіка да пачатку ліпеня 2021 году.

Пры гэтым затрыманыя літоўцамі на мяжы людзі часта ня маюць пашпартоў, а іхнае грамадзянства памежнікі пазначаюць са словаў саміх мігрантаў.

З усіх згаданых у паведамленьнях літоўцаў і беларусаў краінаў Беларусь мае прамыя транспартныя зносіны толькі з Іракам, адкуль у Менск чатыры разы на тыдзень прылятаюць самалёты дзьвюх ірацкіх авіякампаній. Грамадзяне ўсіх іншых краін (акрамя Турэччыны, колькасьць мігрантаў зь якой нязначная. – РС) мусяць рабіць перасадкі і ў Беларусь легальна трапіць могуць толькі паветраным шляхам. Наземныя межы, у тым ліку з Расеяй, для іх закрытыя. У дадатак усе яны, акрамя тых жа грамадзян Турэччыны і Таджыкістану, абавязаныя мець беларускія візы.

З афіцыйных паведамленьняў Памежнага камітэту Беларусі таксама вынікае, што як мінімум аднойчы быў зафіксаваны выпадак перамяшчэньня мігрантаў з Іраку на аўтамабілях На некаторых зь іх, як сьведчаць апублікаваныя памежнікамі фатаздымкі, былі беларускія нумары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Літвы пацьвердзіла намер пабудаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю