Адзін мільярд даляраў экспарту за год. Якія эканамічныя стасункі ў Беларусі зь Літвой

Порт у Клайпедзе, архіўнае фота

У Літве абвясьцілі «экстрэмальную сытуацыю» праз прыток мігрантаў, якія прыбываюць празь Беларусь.

Глядзім, якія эканамічныя стасункі зьвязваюць Літву і Беларусь.

Больш за тысячу мігрантаў літоўскія службы затрымалі на мяжы зь Беларусьсю за 2021 год. Якімі эканамічнымі стасункамі рызыкуюць беларускія ўлады, ідучы на канфлікт зь Літвой?

410 мільёнаў даляраў за тры месяцы

Са студзеня па красавік Беларусь прадала ў Літву тавараў на 410 мільёнаў даляраў. Летась — на 1 мільярд даляраў за год, паведамляе Белстат. Больш толькі ў Расею, Украіну і Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніткі беларускага «бізнэсу» ў Літве: літоўскія курцы прыносяць рэжыму Лукашэнкі дзясяткі мільёнаў эўра

За год Беларусь імпартавала зь Літвы тавараў на 339 мільёнаў даляраў. У Літву прадае нафтапрадукты (32 мільёны даляраў за мінулы год), калійныя ўгнаеньні (6 мільёнаў даляраў за год), адкіды і лом чорных мэталаў (на 1,2 мільёна даляраў).

Па выніках 2018 году Літва ўвайшла ў дзясятку краін-інвэстараў у беларускую эканоміку. Таваразварот у сфэры паслуг паміж Беларусьсю і Літвой у 2020 годзе склаў 765,4 мільёна даляраў. Экспарт паслуг — 322 мільёны даляраў, імпарт — 443 мільёны даляраў.

Транзыт праз парты ў Літве і Расеі

Летась праз Клайпедзкі порт прайшлі 15,6 мільёна тон беларускіх грузаў. Гэта калійныя ўгнаеньні, нафтапрадукты ды іншае.

Напрыканцы лютага Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты на Балтыцы. У плянах на 2021 год, паводле гэтых дакумэнтаў, пастаўка больш як 2 мільёнаў тон. Аднак летась Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў значна болей — больш за 8 мільёнаў тон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз расейскія парты экспартавалі на чвэрць больш беларускіх нафтапрадуктаў, чым плянавалі, — Мішусьцін

Беларускія калійныя ўгнаеньні — стратэгічны прадукт для Клайпедзкага порту. 32% грузаў порту — гэта беларускія грузы. Угнаеньні працягваюць пастаўляць праз порт і цяпер, кажа аглядальніца Тацяна Манёнак.

«Санкцыі тычацца толькі новых кантрактаў, старыя выконваюцца, напрыклад, з Індыяй і Кітаем — гэта тэрміновыя кантракты. Ужо былі прапановы ад расейскіх кампаній, але Клайпедзкі порт па лягістыцы самы выгадны для Беларускай калійнай кампаніі. Ад гэтай лягістыкі залежыць і канкурэнтаздольнасьць для беларускага боку», — кажа Тацяна Манёнак.