6 ліпеня працягнуўся суд у крымінальнай справе супраць 32-гадовага палітзьняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Яго затрымалі 11 лістапада, моцна пабілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», судзьдзя Анастасія Папко прызначыла ў справе судовую псыхоляга-лінгвістычную экспэртызу, на якую адправіла каля 20 пастоў з тэлеграм-каналу «Мікола».
Усяго суд прызначыў для разгляду экспэртамі 17 допісаў Мікалая Дзядка. Сярод іх камэнтары анархіста пра блякаваньне дарог, пратэсты студэнтаў, «італьянскія страйкі» рабочых ды іншыя захады, якімі карысталіся і маглі б карыстацца пратэстоўцы. Перад экспэртамі суд паставіў задачу высьветліць, ці не заклікаў падсудны ў сваіх пастах да варажнечы і гвалту супраць сілавікоў і якой была сацыяльная скіраванасьць ягоных выказваньняў на канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКуАдвакат Мікалая Дзядка прапаноўваў даручыць экспэртызу незалежным адмыслоўцам-лінгвістам, але суд вырашыў, што разьбірацца з выказваньнямі будуць экспэрты Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Бацька Мікалая Аляксандар Дзядок мяркуе, што гэта, а таксама тое, як сфармуляваныя пытаньні да экспэртаў, сьведчыць пра намер прадставіць ягонага сына яшчэ больш небясьпечным злачынцам.
«Мяркую, гэта помста сыну за тое, што ён адважыўся і расказаў пра біцьцё і катаваньні пасьля затрыманьня, пра тое, як зь ім абыходзіліся ў ГУБАЗіКу. Яму загадвалі не расказваць пра тыя жудасныя падзеі, а ён не падпарадкаваўся, сказаў усю праўду, і за гэта яму цяпер помсьцяць. Хочуць выставіць яшчэ большым злачынцам, магчыма, падвесьці пад які іншы цяжкі артыкул, я гэтага не выключаю. Ва ўсякім разе, такое рашэньне суду аб экспэртызе дае падставы так меркаваць», — сказаў Дзядок-старэйшы.
На мінулым тыдні падчас допыту Мікалай Дзядок расказаў суду, як яго затрымлівалі ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну байцы САХР і супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле Мікалая Дзядка, яго білі, пырскалі ў твар газам, душылі, каб сказаў пароль ад тэлефонаў і кампутараў. Таксама Мікалай Дзядок расказаў, як яго катаваньнямі прымушалі даваць прызнаўчыя паказаньні.
На судзе Мікалай Дзядок віны не прызнаў. Анархіст паўтарыў тое, што казаў на сьледзтве: што ён не заклікаў да ўжываньня гвалту і не кіраваў пратэстамі, а толькі камэнтаваў дзеяньні пратэстоўцаў, якія, на ягоную думку, маюць права на пратэст супраць фальшаваньня выбараў і ўжываньня гвалту супраць мірных людзей. Таксама Мікалай Дзядок абверг абвінавачаньне ў захоўваньні «кактэйляў Молатава» на кватэры, якую арандаваў у пасёлку Сасновы. Паводле падсуднага, бутэлькі з гаручай вадкасьцю яму падкінулі міліцыянты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі праваабаронца заявіў, што яго катавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКаУ судзе пры вывучэньні рэчавых доказаў так і не паказалі тых бутэлек, якія, паводле сьледзтва, захоўваў Мікалай Дзядок. Суд абмежаваўся праглядам іх фатаздымкаў. Бацька Дзядка мяркуе, што гэта таксама паказьнік скіраванасьці працэсу.
«Скажу, што суд мае права абмежавацца праглядам і фатаздымкаў, тут парушэньня закону няма, доказы прадстаўляе бок абвінавачаньня. Але гаворка пра асноўныя рэчавыя доказы ў рэзананснай справе, калі суд удвая зацікаўлены ў тым, каб не ўзьнікала аніякіх сумненьняў. Таму суд мог запатрабаваць паказаць наяўныя рэчавыя доказы, каб была магчымасьць іх агледзець, нешта высьветліць у падсуднага. Але чамусьці суд гэтага не зрабіў. Для мяне як былога судзьдзі гэта шмат пра што сьведчыць», — сказаў Аляксандар Дзядок.
Паводле закону, на судовую экспэртызу даецца месяц.
У чым вінавацяць Дзядка?
Мікалая Дзядка вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак; незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
Мікалаю Дзядку пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
У пачатку працэсу Мікалай Дзядок заявіў, што не прызнае віны ні па адным з артыкулаў. Палітвязень прасіў, каб да ягонай абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы дапусьцілі юрыста Аляксандра Дзядка, ягонага бацьку, але суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё прыцягнута за вушы». Ідзе суд над Мікалаем ДзядкомМікалай Дзядок быў затрыманы ў верасьні 2020 году ў Асіповіцкім раёне, дзе жыў на арандаванай кватэры. На відэа, паказаным па затрыманьні дзяржаўнай тэлевізіяй, ён выглядаў моцна пабітым. Пазьней гэта пацьвердзіў Дзядок-старэйшы, які бачыўся з сынам у СІЗА. Таксама, паводле Аляксандра Дзядка, апэратыўнікі ўжывалі да ягонага сына электрычнасьць. Скарга Дзядка-старэйшага ў пракуратуру выніку не дала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Дзядок расказаў на судзе, як яго катавалі пры затрыманьні