Анаіс Марэн заявіла, што з моманту яе апошняга дакладу сытуацыя ў Беларусі працягнула пагаршацца, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У дакладзе апісваюцца парушэньні грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў беларусаў у 2020-2021 гг. Гаворка ідзе аб масавых рэпрэсіях, перасьледзе, катаваньнях і жорсткім абыходжаньні са зьняволенымі, ціску на журналістаў, мэдыкаў, адвакатаў і праваабаронцаў, іншых парушэньнях правоў чалавека.
Марэн згадала ў дакладзе пра 35 тысяч затрыманых, пра больш за паўтысячы палітвязьняў і заклікала ўрад Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх зьняволеных ды спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед з палітычных матываў.
У дыялёгу прынялі ўдзел 35 прастаўнікоў з розных краін і няўрадавых арганізацый, якія асуджалі парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку самалёта і арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, казалі пра неабходнасьць належнага расьсьледваньня катаваньняў, якое прымяняліся з боку сілавікоў да мірных дэманстрантаў, заклікалі адмяніць сьмяротнае пакараньне, вызваліць усіх палітвязьням, даць журналістам і адвакатам адпаведныя ўмовы для выкананьня іх прафэсійных абавязкаў і спыніць іх перасьлед. Таксама яны заклікалі Раду па правах чалавека ААН працягнуць мандат спэцдакладчыка па Беларусі, а ўлады краіны — даць Анаіс Марэн доступ у Беларусь, наладзіць зь ёй супрацоўніцтва і выканаць яе рэкамэндацыі для выхаду з крызісу ў галіне правоў чалавека.
«У Беларусі пануе беззаконьне і самавольства, — пракамэнтавала даклад Сьвятлана Ціханоўская. — У турмах працягваюцца катаваньні, людзей выдвараюць зь іх уласнай краіны. Рэжым адчувае беспакаранасьць. Даклад спэцдакладчыцы ААН Анаіс Марэн шмат каму адкрые вочы на маштаб рэпрэсій у Беларусі. Асабліва важна патрабаваньне рэабілітацыі палітвязьняў і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у рэпрэсіях. Усе павінны мець магчымасьць вярнуцца дадому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі прыпынілі працу менскага офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека