2010 год. Вэнэсуэльская нафта
«Братэрская краіна і стратэгічны партнэр» — так беларускія ўлады называлі Вэнэсуэлу ў 2010 годзе, яшчэ пры прэзыдэнцтве Уга Чавэса. Тады ж у беларускіх уладаў быў спадзеў на вэнэсуэльскую нафту.
З траўня 2010 году Беларусь закупляла нафту ў Вэнэсуэле 2–3 танкерамі на месяц. У 2010 годзе з Вэнэсуэлы ў Беларусь паставілі нафты на 1,1 мільярда даляраў. Тады ж быў падпісаны кантракт на закуп вэнэсуэльскай нафты ў 2011–2013 гадах, па 30 мільёнаў тон штогод.
Аднак пасьля таго як з расейскімі кампаніямі дамовіліся выгадней, з Вэнэсуэлы паставілі толькі 1 мільён тон. У 2011 годзе з Вэнэсуэлы набылі нафты на 1,1 мільярда даляраў. А ў 2012 годзе ўжо толькі на 321 тысячу даляраў. У 2013 годзе не набывалі наогул.
Пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы аказаліся даражэй, чым экспарт з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — Вэнэсуэла: нафта ў абмен на прадпрыемствы2016 год. Казахстанская нафта
У 2016 годзе зноў скараціліся закупкі расейскай нафты і Беларусь пачала шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. У 2016 годзе Беларусь закупіла ў Казахстана нафты на 12,5 мільёна даляраў, у 2017 годзе — на 21 мільён даляраў. Пры гэтым у 2017 годзе ў Расеі Беларусь закупіла нафты ў 253 разы больш у грашовым вымярэньні, чым у Казахстане.
2020 год. Азэрбайджанская нафта і нават амэрыканская
2020 год пачаўся з праблемаў для афіцыйнага Менску ў пастаўках расейскай нафты. Тады ж улады пачалі шукаць альтэрнатывы. У студзені-лютым 2020 году беларускія НПЗ перапрацавалі толькі 1,8 мільёна тон нафты, што ўдвая менш, чым звычайная загрузка. Прамысловая вытворчасьць нафты за гэты пэрыяд наогул зьнізілася на 39,2%.
У выніку за 2020 год Беларусь набыла нафты ў Азэрбайджане на 244 мільёна даляраў, што ўсё адно ў 15,9 раза менш, чым набылі ў грашовым эквіваленце ў Расеі.
Каб запоўніць недахоп, нафту набывалі ў ЗША — на 51 мільён даляраў, у Нарвэгіі — на 52 мільёны, у Літве — на 72 мільёны.
У Расеі ў гэты год набылі нафты на 3,8 мільярда даляраў, што ў 1,7 раза меней, чым годам раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская нафта пачала паступаць на «Нафтан»А што ў 2021 годзе?
Амбасадар Беларусі ў Азэрбайджане Андрэй Раўкоў паведаміў, што ў 2021 годзе Беларусь плянуе закупіць у Азэрбайджану 1 мільён тон нафты.
Са студзеня па красавік Беларусь закупіла ў Азэрбайджану нафты на 176 мільёнаў даляраў, у Расеі — на 1,9 мільярда даляраў, што ў 11 разоў болей.
Дык няўжо няма альтэрнатыў?
Галоўнае пытаньне — кошт альтэрнатыўнай нафты. Пра гэта кажа аглядальніца Тацяна Манёнак.
«На пачатку мінулага году, у красавіку-траўні, кошт нафты істотна зьнізіўся, бо зьнізіўся попыт. Расейская нафта тады была даражэйшая, чым альтэрнатыва, але пэрыяд гэты быў нядоўгі. Першае паўгодзьдзе летась кожная пятая тона нафты, набытая Беларусьсю, была альтэрнатыўная, тады гэта было эканамічна мэтазгодна», — прыводзіць прыклад Тацяна Манёнак.
На думку Тацяны Манёнак, альтэрнатыва — гэта яшчэ і падстава патаргавацца з манапалістам, то бок з Расеяй.
«Ёсьць заявы, што вось-вось будуць падпісаныя „інтэграцыйныя мапы“. Магчыма, расейскія ўлады паспрабуюць тут нечым дапамагчы Беларусі. Перанакіраваньне транзыту ўжо часткова адбылося праз Расею. Калі зьніжак ад Расеі ня будзе, Беларусь вымушаная будзе зьмяншаць аб’ёмы перапрацоўкі нафты», — кажа Тацяна Манёнак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея за шэсьць месяцаў паставіла ў Беларусь 6 млн тон нафты. Гэта ў паўтара раза меней, чым звычайна