Наваполацкі праваабаронца Зьміцер Салаўёў рыхтуе заяву на прадстаўнікоў ГУБАЗіК, каб далучыць яе да крымінальнай справы, пачатай у адной з краінаў Эўразьвязу ў межах мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі па фактах зьбіцьця і катаваньняў грамадзян Беларусі ў 2020–2021 гадах.
Салаўёў напісаў, што 16 лютага 2021 году прадстаўнікі ГУБАЗіК выламалі ўсе дзьверы ў доме, дзе ён знаходзіўся з жонкай і дачкой. Супрацоўнік, які кіраваў штурмам і вобшукам, пачаў зьбіваць Зьмітра, наносіў удары ў жывот і галаву. Пасьля да біцьця падключыліся іншыя асобы ў масках, білі па галаве і нагах. У адказ на патрабаваньне выдаць копію пратаколу вобшуку Салаўёў атрымаў удар па назе ад невядомага ў масцы, пасьля гэтай падсечкі паляцеў патыліцай аб падлогу.
Пасьля вобшуку ў доме Салаўёва павезьлі на мікрааўтобусе сіняга колеру. Адзін зь сілавікоў, які быў у масцы, ударыў яго ззаду кулаком у патыліцу. Наступствы — чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджаньне шыйнага аддзелу хрыбетніка.
«У РАУС Менскага раёну высьветлілася, што старшы опэрупаўнаважаны падпалкоўнік Валадзько і старшы опэрупаўнаважаны падпалкоўнік Рудэнка склалі рапарт, згодна зь якім у мяне на доме разьмешчана выява „Пагоні“, што, на іх думку, зьяўляецца масавым мерапрыемствам, за што я і атрымаў 12 сутак па рашэньні судзьдзі Казловай», — напісаў Салаўёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКуПраваабаронца шукае іншых людзей, якія пацярпелі ад згаданых супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, каб удакладніць інфармацыю пра іх.
1 сакавіка Зьмітра Салаўёва затрымалі ў аэрапорце «Менск 2», выцягнуўшы пасьля праходжаньня мытнага і памежнага кантролю, ужо з пасадкі. Зрабілі гэта чацьвёра невядомых у форме памежнікаў. Праваабаронцу даставілі ў Сьледчы камітэт і сказалі, што цяпер ён падазраваны па частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу «Ўдзел у масавых беспарадках».
Зьміцер Салаўёў назваў гэта перасьледам за дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам мірных сходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуроры, сьледчыя і міністар абароны. Хто тыя сілавікі, што трапілі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 міжнародных арганізацый заклікалі вызваліць журналіста Аляксандрава