Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 міжнародных арганізацый заклікалі вызваліць журналіста Аляксандрава


Палітвязень Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота
Палітвязень Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота

Андрэя Аляксандрава абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Паўтара дзясятка міжнародных праваабарончых арганізацый заклікаюць неадкладна вызваліць затрыманага ў студзені журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава. Іх сумесная заява апублікавана на сайце праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры», паведамляе БелаПАН.

«Андрэй Аляксандраў даўно зьяўляецца абаронцам свабоды выказваньня думак у Беларусі і за яе межамі, раней ён працаваў у Беларускай асацыяцыі журналістаў, Індэксе цэнзуры і «Article 19», — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама паведамляецца пра выстаўленае Аляксандраву абвінавачаньне ў парушэньні грамадзкага парадку, за якое яму пагражала да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

«Абвінавачаньні грунтуюцца на сьцьвярджэньнях аб тым, што Аляксандраў аплачваў штрафы журналістам і дэманстрантам, затрыманым уладамі падчас леташніх дэмакратычных пратэстаў, справакаваных выбарамі ў жніўні 2020 года. Сьледчы камітэт і іншыя праваахоўныя органы памылкова прыраўнялі гэта да фінансаваньня незаконных акцый пратэсту», — падкрэсьліваецца ў заяве.

30 чэрвеня 2021 году Аляксандраву было таксама выстаўлена абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве», за што пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«У пэрыяд з 9 жніўня па канец 2020 года на пратэстоўцаў было накладзена штрафаў на суму больш як 530 тысяч эўра. Абсурдна зьвязваць намаганьні па аказаньні дапамогі ў аплаце гэтых штрафаў з парушэньнем грамадзкага парадку, не кажучы ўжо аб дзяржаўнай здрадзе, — адзначаюць праваабарончыя арганізацыі. — Хоць мы заклікаем вызваліць усіх 529 палітычных зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў цяперашні час пад вартай у Беларусі, у тым ліку сама меней 15 журналістаў, у гэты момант мы выказваем асаблівую заклапочанасьць з нагоды Аляксандрава. На сёньняшні дзень ён зьяўляецца адзіным затрыманым, якому выставілі сфабрыкаванае абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе».

Заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі:

  • Article 19,
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў,
  • Усходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар,
  • Эўрапейскі цэнтар у пытаньнях прэсы і свабоды СМІ,
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў,
  • Free Press Unlimited,
  • сетка Дамоў правоў чалавека,
  • Human Rights Watch,
  • IFEX,
  • «Індэкс цэнзуры»,
  • International Media Support (IMS),
  • амэрыканскі ПЭН-цэнтр,
  • «Рэпартэры бязь межаў»,
  • Арганізацыя СМІ Паўднёва-Ўсходняй Эўропы (SEEMO).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG