Раней рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s апублікавала рэліз, у якім адзначыла ўзрастаньне ступені нявызначанасьці і павышаныя рызыкі для фінансавай стабільнасьці Беларусі.
«Выклікі, у якіх функцыянуе фінансавы сэктар, значныя і істотна ўзрасьлі»,— прызнаў у інтэрвію БелТА намесьнік старшыні Нацбанку Дзьмітры Калечыц.
Да рызык ён аднёс:
- Асноўныя зьвязаны з крэдытнай рызыкай і рызыкай ліквіднасьці.
- Шокі нэгатыўна адбіліся на стане прадпрыемстваў рэальнага сэктару, абмежавалі іх магчымасьці ў абслугоўваньні сваіх абавязаньняў.
- Высокі ўзровень валютызацыі актываў і пасіваў банкаўскага сэктару таксама ёсьць значнай рызыкай для фінансавай стабільнасьці краіны.
- Вырас узровень замежнага доўгу.
- Істотным выклікам стала парушэньне ашчаднага працэсу, што суправаджалася павышаным попытам на замежную валюту і абумовіла ціск на рублёвую ліквіднасьць банкаў.
Банкір прызнаў, што санкцыі адаб’юцца на стане фінансавага сэктару: «Сапраўды, гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сэктар».
Сярод магчымых наступстваў ён назваў:
- Гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сэктар. Можна чакаць, што ў пэрспэктыве крыху паменшацца аб’ёмы беларускага экспарту і, адпаведна, аб’ёмы валютнай выручкі.
- Улічваючы высокую імпартаёмістасьць беларускай эканомікі, зьнізіцца і імпарт.
- У сукупнасьці ўплыў гэтага шоку на збалянсаванасьць замежнага гандлю будзе ўмераным і расьцягнутым у часе.
- У пэўнай ступені зьнізяцца магчымасьці для прыцягненьня замежнага фінансаваньня.
- Найбольш моцна гэта можа закрануць сфэру замежнага дзяржаўнага доўгу, дзе захоўваецца патрэба ў рэфінансаваньні досыць вялікіх аб’ёмаў запазычанасьці.
Дзьмітры Калечыц лічыць, што можна чакаць узмацненьня ціску на валютны рынак. Аднак з улікам інэрцыйнасьці эканамічных працэсаў гэта не адбудзецца за адзін раз, эфэкты ад вонкавых шокаў будуць праяўляцца паступова. Разам з тым, акрамя непасрэднага ўзьдзеяньня праз каналы замежнага гандлю і плацежнага балянсу ў цэлым, наступствы ад абмежавальных захадаў могуць ўзмацніцца за кошт таго, што да вонкавых дададуцца ўнутраныя фактары.
Паколькі нэгатыўныя чаканьні застаюцца падвышанымі, захоўваецца адток сродкаў фізычных асобаў з банкаўскай сыстэмы, а таксама попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку. Гэта ня лепшым чынам адбіваецца на рэсурсах фінансавых арганізацый і іх магчымасьцях крэдытаваньня эканомікі. У выніку дадатковых шокаў такія чаканьні могуць яшчэ больш павялічыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі, якія могуць стаць штуршком для зьменаў