Колькасьць затрыманьняў зброі на мяжы зь Беларусьсю зьменшылася прычым з абодвух бакоў, заявіла дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.
З пачатку году ўкраінцы не далі правезьці празь мяжу 27 адзінак зброі, прычым ніводнай агнястрэльнай. Летась за гэткі ж час затрымалі на 6 адзінак зброі больш.
Украінскія памежнікі таксама расказалі, што абменьваюцца зь беларускімі калегамі статыстычнай інфармацыяй. І паводле гэтых зьвестак на мяжы зь беларускага боку затрымалі яшчэ менш зброі — 4 адзінкі і 10 боепрыпасаў. Агулам жа за 2020 год колькасьць выяўленай беларускімі памежнікамі зброі зьменшылася амаль у сем разоў, паведаміла памежная служба Ўкраіны.
«Таму ўсе заявы беларускіх палітыкаў пра патокі кантрабанды зброі з Украіны — беспадстаўныя. Наадварот, зь леташняга жніўня ўкраінскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме, што паспрыяла зьмяншэньню супрацьпраўнай дзейнасьці на гэтай тэрыторыі», — зазначыла памежная служба Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь узмацніла ахову ўкраінскай мяжы, але не перакрыла2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што праз украінскую мяжу ў Беларусь трапляе столькі зброі, што ён аж загадаў закрыць мяжу.
«Велізарная колькасьць (пра што я казаў яшчэ ў мінулым годзе, многія мне ня верылі) зброі паступае з Украіны ў Беларусь. Таму я даручыў пагранічным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай».
3 ліпеня беларускі памежны камітэт заявіў, што ўзмацніў ахову ўкраінскай мяжы. Адначасова ўкраінская памежная служба паведаміла, што істотных зьменаў абстаноўкі на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю за мінулыя содні не назіралася.
Яшчэ ўчора вечарам ўкраінскія памежнікі атрымалі папярэджаньне зь Беларусі пра ўзмацненьне аховы мяжы. Але адзначылі, што «такое ўзмацненьне — звычайная практыка падчас сьвяткаваньняў розных вызначаных дат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрэлы ў паветра і сьлезацечны газ: Літва намагаецца стрымаць на мяжы плынь мігрантаў зь Беларусі