На Анжаліку Агурбаш завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі

Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве. Архіўнае фота.

Заслужаную артыстку Беларусі, якая жыве ў Расеі, абвясьцілі ў вышук.

Анжаліку Агурбаш абвінавачваюць у распальваньні варожасьці і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі, пра гэта яна сама паведаміла ў інстаграме.

Па словах Анжалікі, у дачыненьні да яе завялі крымінальную справу па ч.3 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці або розьні), якая прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, і ч. 2 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта) — да трох гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш пра катастрофу пад назвай «лукашызм» і свой 100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг

Нядаўна яна прайграла ў судзе так званую «футравую справу». Паводле юрыдычнага аддзелу «Белкаапсаюзу», у лістападзе 2018 году з Анжалікай Агурбаш была заключаная дамова аб рэалізацыі 40 футравых вырабаў. Сьпявачка атрымала тавар і мусіла рэгулярна пералічваць грошы ад рэалізацыі, але гэтага не рабіла. У выніку ёй выставілі суму ў памеры блізу 83 тысяч даляраў за «прысабечаную» прадукцыю і дадаткова каля 7 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны на судовыя выдаткі. У выніку эканамічны суд Менску вынес рашэньне — Агурбаш павінна вярнуць грошы ў поўным аб'ёме (плюс судовыя выдаткі) за ўзяты на рэалізацыю тавар.

Агурбаш падтрымала беларускія пратэсты, сама брала актыўны ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве, рэзка выказвалася пра рэжым Лукашэнкі.

  • Анжаліка Агубаш нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». У пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская. Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы». Удзельніца Эўравізіі ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве.

Неўзабаве на Свабодзе інтэрвію са сьпявачкай і грамадзкай дзяячкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш, якая выказвалася супраць Лукашэнкі, прайграла ў судзе «футравую справу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы змагаюцца з тэрорам і беззаконьнем», — заявіла Агурбаш на атрыманьні ўзнагароды «Голас міру» ў Маскве. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш: Я з такім жа псыхатыпам, як Лукашэнка, пражыла 11 гадоў