19-гадовы жыхар Берасьця Ўладзіслаў Навіцкі летась упершыню галасаваў на выбарах прэзыдэнта. Празь месяц, у верасьні 2020-га, ён удзельнічаў у карагодзе, за які пад крымінальны перасьлед трапілі 70 чалавек, у тым ліку і Ўладзіслаў. Яшчэ праз 9 месяцаў студэнт ноччу нелегальна пераплыў Буг.
На судзе Ўладзіслаў атрымаў за «карагод» два гады «хіміі». Але цяпер ён не ў беларускай «папраўчай установе адкрытага тыпу», а ў польскім лягеры для ўцекачоў. Вось ягоны аповед.
«Разьбілі губу, цягалі за валасы, прыдушвалі, выкручвалі рукі»
«Здорава» прайшлі мае першыя выбары! Прыкладна празь месяц пасьля іх я трапіў на мірнае шэсьце ў цэнтры Берасьця. Гэта было 13 верасьня. Людзі танцавалі, вадзілі карагод, сьпявалі і слухалі песьні. Усё было падобна да сьвята, дзе незнаёмыя людзі ўсьміхаліся адзін аднаму, давалі ваду, дапамагалі. Празь некалькі хвілін без аніякага папярэджаньня прыехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей, нават тых, хто былі на тратуары. Ён паліваў і правады электраперадач, і тралейбусы, якія праяжджалі.
Я сышоў на тратуар, рэзка прыехалі аўтазакі з АМАП, многія зь іх былі са стрэльбамі. Яны жорстка пачалі біць людзей дручкамі і затрымліваць. Схапілі і мяне. Разьбілі губу, цягалі за валасы, прыдушвалі, выкручвалі рукі і вялі носам у асфальт. У аўтазаку на нас крычалі матамі, білі па сьценках дручкамі, забралі рэчы. Завезьлі нас у ІЧУ. Паставілі тварам да сьцяны, здымалі на камэру. Мяне, як і іншых, прымусілі разьдзецца дагала, прысядаць.
У камэры ўмовы былі жахлівыя — прыбіральняй служыла дзірка пасярэдзіне. Начальнік ІЧУ выклікаў мяне і пагражаў, што мяне адлічаць з унівэрсытэту, ён сапсуе мне жыцьцё. Мой тэлефон забралі, пагражалі, што будуць выкручваць пальцы і біць, калі я не разблякую яго. Нас трымалі ў падвале, там гарэла яркае сьвятло — дзень і ноч. На прагулкі не вадзілі, мыцца не давалі. Праз тры дні мяне адвезьлі ў суд і далі штраф 270 рублёў паводле артыкулу 23.34.
«Не адлічылі, але крымінальную справу распачалі»
Пасьля вяртаньня на вучобу (Уладзіслаў вучыўся ў Берасьцейскім тэхнічным унівэрсытэце. — РС) мяне часта пачалі выклікаць на «прафіляктычныя гутаркі». Са мной размаўлялі начальнікі РАУС, адміністрацыя ВНУ, пракурор Берасцейскай вобласьці. Яны задавалі розныя пытаньні і ўсяляк аказвалі ціск. Аднойчы ва ўнівэрсытэце адлічылі адразу дзевяць студэнтаў. Гэта было неправамерна, юрысты не хацелі падпісваць такіх папераў, і тады звольнілі юрыстаў. У сьпісе на адлічэньне мусіў быць і я. Але я актыўна ўдзельнічаў у жыцьці ўнівэрсытэту, выступаў на канцэртах з хорам, іграў на музычных інструмэнтах, удзельнічаў у алімпіядах і студэнцкіх аб’яданьнях. Аднак мяне пазбавілі грашовых прэмій. Проста выкрэсьлівалі са сьпісаў, нібыта я і не выступаў.
Потым за мной прыйшла міліцыя. Мяне завезьлі ва УУС. Там выпытвалі, каго я ведаў на «карагодзе», ці быў я адзін там. Зноў пагражалі ІЧУ. Паведамілі, што на мяне распачалі крымінальную справу «за масавыя беспарадкі» — за тыя самыя дзеяньні 13 верасьня, за якія я атрымаў раней штраф. Сьледчы патрабаваў у мяне прызнаньня, пагражаў, што пасадзіць у СІЗА, дзе зь людзей выбіваюць паказаньні.
Пяць месяцаў я хадзіў у СК, дзе на мяне псыхалягічна ціснулі.
«Прарэктар сказаў, калі ўбачыць недзе налепку ці бчб-стужкі, адразу адлічыць мяне»
Ва ўнівэрсытэце зьявілася пасада прарэктара па бясьпецы. Ім стаў Андрэй Басько. Гэты чалавек выклікаў мяне да сябе, пагражаў адлічэньнем, прыдумляў вымовы і прымушаў выдаваць яму іншых студэнтаў, якія ня згодныя з уладай. Ён мне напісаў тры вымовы і, паводле ягоных словаў, мяне маглі адлічыць у любы момант. Яшчэ ён сказаў, што калі ўбачыць недзе налепку ці стужку бел-чырвона-белага колеру, то адразу адлічыць мяне, таму я мушу выдаваць яму студэнтаў, якія будуць гэта рабіць. Натуральна, я такога не зрабіў.
Ва ўнівэрсытэце мяне дапытваў ГУБАЗіК, гэта таксама моцна ціснула на мяне. Некаторыя выкладчыкі наўмысна не хацелі ставіць мне залікаў за мае палітычныя і чалавечыя перакананьні. Перад анансаванымі акцыямі пратэсту мне тэлефанавала міліцыя і пагражала аб адказнасьці. Я пастаянна знаходзіўся ў напружаньні, мог быць затрыманы ў любы момант.
«Я хачу адчуваць сябе свабодным чалавекам»
Працэс (у «карагоднай справе». — РС) хацелі зрабіць закрытым. Але мы дабіліся, каб пусьцілі незалежнага журналіста і людзей. Пры гэтым рызыкавалі, што нас могуць затрымаць тут жа. Мы ня выканалі патрабаваньня судзьдзі заняць нашы месцы і стаялі, пакуль ня пусьцяць людзей.
Да ўдзельнікаў працэсу ставіліся вельмі непаважліва. Не было ніякіх доказаў віны. «Доказам» маёй віны было маё адзеньне, якое ні пра што ня сьведчыла. Быў здымак, дзе я проста стаю на месцы. Ад таго, што людзі нібыта парушылі працу арганізацый з 16 да 18 гадзін, кіёск зачыніўся ў 15 гадзін — вось такія былі доказы «віны».
У судзе ад нас не прымалі хадайніцтваў, судзьдзя і пракурор часта падвышалі голас на нас. Яшчэ быў «доказ» віны — здымак бюлетэня з тэлефона адной з абвінавачанай. Гэта нібыта даказвала яе «віну» ў перакрыцьці руху.
У выніку я атрымаў два гады «хіміі». Там бы мяне прымушалі працаваць за капейкі, плаціць за пражываньне ў гэтай установе. Пры гэтым у нашай краіне можа быць так, што ты атрымаеш тры заўвагі на «хіміі» — і паедзеш у турму як парушальнік парадку.
Ва ўнівэрсытэце пагражалі, што адлічаць бяз права на аднаўленьне. Хоць я добра вучыўся. Улічыўшы ўсё гэта, я вырашыў уцякаць з краіны. Бо далей было б горш. Я баяўся за сваё здароўе, жыцьцё, свабоду. У мяне адбіралі ўсё, што я меў.
Я хачу адчуваць сябе свабодным чалавекам, атрымліваць добрую адукацыю, раскрыць свой патэнцыял, выкарыстоўваць свае навыкі і ўменьні на карысьць людзям. Але ў Беларусі я нічога цяпер не магу з гэтага зрабіць.
«Ішоў вечарам глухім лесам, потым плыў па Бугу»
На мапе я знайшоў месца, дзе мог бы прайсці мяжу, пераплыўшы Буг. Склаў свае рэчы ў заплечнік, запакаваў у воданепранікальны пакет, узяў з сабой камізэльку для плаваньня і пайшоў. Вечарам ішоў глухім лесам. [...] Было вельмі страшна.[...] Калі падышоў да ракі, там быў вельмі круты спуск, а ўнізе з ракі пачалі выскокваць вялікія самы! Але часу думаць пра іх не было. Склаў заплечнік у пакет, прывязаў яго вяроўкай да сваёй папругі, апрануў камізэльку і палез у ваду.
Вось так плыў недзе мэтраў 75. Каля мяне плавалі самы. На сярэдзіне ракі ўбачыў нейкае бервяно. Калі яно наблізілася, то зразумеў, што гэта нешта жывое. «Бервяно» паплыло ў мой бок, а потым разагналася — і моцна мяне стукнула ў грудзі! Я трохі адскочыў, але «бервяно» зьнікла і я даплыў да берага. Там зразумеў, што гэта быў бабёр. Потым даведаўся, што не такія яны мілыя і добрыя, як у мультфільмах.
На тым баку блукаў яшчэ хвілін сорак па густым лесе, пакуль не знайшоў сьляды ад матацыкла і ня выйшаў на польскіх памежнікаў.
«Нават у Белай Падляскай адчуваеш, што ўсё разьвіваецца»
У лягеры для ўцекачоў умовы больш-менш добрыя, кормяць, трохі грошай даюць. Польскія памежнікі паставіліся добра. Пыталіся, хто я, чаму тут. Так я сустрэў сьвітанак у іншай краіне. Аформілі дакумэнты, узялі прашэньне пра статус уцекача. Апытвала мяне паліцыя. Але ня так, як у Беларусі.
У лягеры цяпер беларусаў большасьць, але людзей няшмат, можа, чалавек дваццаць.
Я веру, што ўсё робіцца да лепшага. І перамены — гэта заўсёды добра. У нашай краіне ва ўсім адчувалася стагнацыя, адсутнасьць руху, асабліва я гэта адчуваў у сыстэме адукацыі. Тут, нават у невялікім горадзе Белай Падляскай, у дэталях адчуваецца, што ўсё разьвіваецца, робіцца больш новым і зручным.
Спадзяюся атрымаць тут добрую адукацыю, працу з добрым заробкам, пры гэтым ня думаць пра абавязковае разьмеркаваньне і войска. Пляную вучыцца тут у сфэры IT.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пераходзіў мяжу ўначы зь цеплавізарам, бачыў сылюэты». Як былы студэнт-палітвязень уцёк ад «хіміі» у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прайшоў 70 км па лесе, начаваў пад елкай і на вакзале». Былы сьледчы пра цану сыходу з сыстэмы