Праграму мае падтрымаць плян эканамічнае супрацы ды інвэстыцыяў на 2,3 мільярда эўра з мабілізацыяй да 17 мільярдаў эўра дадатковых дзяржаўных і прыватных інвэстыцыяў.
Прапанову маюць абмяркоўваць на саміце Ўсходняга партнэрства ў сьнежні.
У апублікаваных прапановах адзначаецца, што ініцыятывы стасоўна Беларусі залежаць ад дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне. У такім выпадку магчымыя пяць ініцыятываў:
- Падтрымка інавацыйнай і канкурэнтнай эканомікі — наўпроставае падтрыманьне 20 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
- Паляпшэньне транспартных сувязяў і спрыяньне гандлю паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.
- Дапамога інавацыям і лічбавай трансфармацыі.
- Падтрымка «зялёнай Беларусі» — энэргетычная эфэктыўнасьць, утылізацыя адкідаў і інфраструктура.
- Інвэстыцыі ў дэмакратычную, празрыстую і адказную Беларусь.
У прапановах адзначаецца, што ЭЗ шкадуе аб рашэньні рэжыму Лукашэнкі прыпыніць супрацу ў рамках Усходняга партнэрства. «Гэтае рашэньне служыць толькі таму, каб надалей ізаляваць Беларусь, і яшчэ раз сьведчыць, што рэжым ігнаруе беларускі народ, які атрымлівае выгады ад супрацоўніцтва і розных праграмаў у межах Усходняга партнэрства», — гаворыцца ў прапановах Эўракамісіі.
«ЭЗ застаецца адкрытым да працы зь беларусамі таксама ў рамках Усходняга партнэрства і будзе падтрымліваць беларускі народ і грамадзянскую супольнасьць, а таксама іх дэмакратычныя памкненьні».
У прапановах таксама сказана, што ініцыятывы датычна Беларусі цалкам сумяшчальныя з плянам падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на 3 мільярды эўра, абвешчаным у траўні. Гэты плян можа быць рэалізаваны пры ўмове дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ ня хоча караць беларусаў за Лукашэнку