ЗША і Вялікабрытанія абвінавацілі ГРУ ў двухгадовай кібэрнэтычнай вайне

Хакеры, якія працуюць на расейскую ваенную выведку ГРУ, з сярэдзіны 2019 году атакавалі сотні цэляў у ЗША і Эўропе, спрабуючы ўзламаць іх паролі мэтадам перабору і з дапамогай уразьлівасьцяў у праграмным забесьпячэньні.

Такое сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў сумеснай справаздачы спэцслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі, апублікаванай 1 ліпеня.

Згодна з дакумэнтам, атакі «амаль напэўна» працягваюцца і цяпер. Яны сканцэнтраваныя на ўрадавых і вайсковых структурах і іх падрадчыках, экспэртных цэнтрах, энэргетычных кампаніях і мэдыях, палітычных партыях, унівэрсытэтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША заклікаў Расею не хаваць хакераў

У дакумэнце не гаворыцца пра канкрэтныя цэлі такіх нападаў і аб інфармацыі, доступ да якой магла атрымаць расейская выведка. Патэнцыйным аб’ектам хакераў спэцслужбы рэкамэндуюць стандартныя захады кампутарнай бясьпекі: у тым ліку адмову ад простых і паўтаральных пароляў, увядзеньне двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і кантроль за карыстальнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: расейскія хакеры ўзламалі паштовы сэрвэр Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША

25 чэрвеня Ўкраіна ўвяла санкцыі ў дачыненьні да афіцэра Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генштабу Расеі Юрыя Андрыенкі, якога падазраюць у распрацоўцы кампанэнтаў вірусу Petya для кібэратак інфраструктуры Ўкраіны і шэрагу іншых краін у 2016-2017 гадах.

Паводле інфармацыі Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, ён зьяўляецца грамадзянінам Расеі і служыць у вайсковай частцы 74455 галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Расеі, а нарадзіўся ў траўні 1988 году ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураджэнец Беларусі распрацаваў кампанэнты вірусу Petya для кібэратак у сьвеце. Украіна ўвяла супраць яго санкцыі


Заходнія спэцслужбы рэгулярна абвінавачваюць або падазраюць расейцаў у масіраваных кібэратах. Расея гэтыя абвінавачваньні заўсёды адмаўляе. У 2020 годзе прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прапанаваў ЗША аднавіць супрацоўніцтва ў галіне кібэрбясьпекі, замарожанае пасьля ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і абвінавачваньняў Масквы ў спробе ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія хакеры ўзламалі кампутарную сетку вашынгтонскай паліцыі

Памочнік генэральнага пракурора ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Дэмэрс тады заявіў, што дзеяньні расейскіх хакераў «зьяўляюцца напамінам, чаму гэта прапанова ня больш чым хлусьлівая рыторыка», у заяве дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэо было сказана, што Расея «зьяўляецца адным з найвялікшых разбуральнікаў глябальнага Інтэрнэту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША западозрылі ГРУ ў акустычных атаках на амэрыканскіх дыпляматаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пасьля хакерскай атакі на паліваправод пачаўся дэфіцыт бэнзыну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падазраюць Расею ў нападах з ужываньнем «накіраванай энэргіі»