Арышты і ператрусы 2 ліпеня: затрыманьні ў Берасьці, Жабінцы і Пружанах

Сілавікі праводзяць затрыманьне на вуліцы. Архіўнае фота

Па ўсёй тэрыторыі Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за мірнае выказваньне сваіх поглядаў.

Берасьцейская «Вясна» паведамляе пра сама меней тры інцыдэнты ў Пружанах. Сярод затрыманых Юры Папко, Ганна Баран, Анатоль Дзевянцейчык.

2 ліпеня Анатоль Дзевянцейчык зьбіраўся падаваць скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі, якая тычылася ягонага звальненьня з працы. Раней у інтэрнэце быў выкладзены аўдыёзапіс, на якім дырэктар лясгасу, дзе працаваў мужчына, гаварыў пра «даведзены зьверху» загад аб звальненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дырэктар прасіў сысьці па-нармальнаму». Кіроўца судзіцца з Пружанскім лясгасам за «палітычнае» звальненьне

Пасьля гэтага Анатоль Дзевянцейчык спрабаваў аспрэчыць рашэньне ў судзе. Калі ён параўнаўся з будынкам установы, яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Затым пад’ехала іншая міліцэйская машына, зь якой выбеглі чатыры супрацоўнікі ў масках. На дапамогу да Анатоля Дзевянцейчыка прыехала Ганна Баран, абаіх забралі ў РАУС.

Паводле «Вясны», Юрыя Папко затрымалі каля 8 раніцы, калі ён выходзіў з дому зь дзіцем. Ён пасьпеў адвесьці малога дадому, і яго забралі ў РАУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукаюць, хто раскідаў вымазаныя фэкаліямі партрэты Лукашэнкі». Сталі вядомыя прычыны рэпрэсій у Жабінцы

У Жабінцы 2 ліпеня такскама адбываюцца затрыманьні. На гэты момант вядома мінімум пра адно: схапілі бацьку траіх дзяцей Сяргея Куліка. Перад тым у яго дома а 7-й раніцы правялі ператрус.

Каля 14-й гадзіны стала вядома, што колькасьць затрыманых у Жабінцы павялічылася да шасьці чалавек. Да Сяргея Куліка дадаліся Генадзь Гурын, Сьвятлана і Вадзім Аксюцікі, Аляксандр Казлоў і Натальля Дырман . Праваабаронцы мяркуюць, што гэта прывэнтыўныя затрыманьні перад заўтрашнім Днём Рэспублікі.

Затрыманьні праходзяць і ў самім Берасьці. Забралі Тамару Кандрацюк, а таксама Надзею Круц, Вольгу Малайчык. Пазьней Вольгу Малайчык, якую затрымалі ў Берасьці, вызвалілі з ІЧУ. Яе адпусцілі таму што ў яе ёсьць непаўналетнія дзеці.

Тым часам стала вядома, што берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда, якога ўлады абвясьцілі ў вышук, у дзень прызначанага супраць яго суду пакінуў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда, якога абвясьцілі ў вышук, пакінуў Беларусь