Але прафэсійная мэнэджарка культурніцкіх праектаў і грамадзкая актывістка зусім мала дбае пра розгалас сваіх твораў, і нават некаторыя добра знаёмыя зь ёй людзі да нядаўняга часу ня ведалі пра яе вершаскладальніцтва.
Мы папрасілі Дарʼю Бялькевіч расказаць пра яе жыцьцё ў паэзіі і паэзію ў яе жыцьці на тле драматычных падзеяў апошняга году ў сучаснай Беларусі. Аўтарскім рэфлексіям дапамагаюць цытаты з кнігі.
Пра перашкоды ў выданьні кнігі
— Сваю першую кнігу я хацела выдаць яшчэ ўвесну-улетку мінулага году. Я вельмі спадзявалася на краўдфандынг, на Ulej, нават замовіла спэцыяльны дызайн пад плятформу, зрабіла апісаньне, прыдумала лоты… Але на пачатку лета-2020 рахункі Ulej заблякавалі, што, дарэчы, адбілася ня толькі на мне, але і на ўсім незалежным кнігавыданьні. А пасьля наступіў жнівень, за ім восень-2020, і было не да кніжкі. Толькі ў сьнежні я здолела вярнуцца да ідэі выданьня кнігі. Я вельмі ўдзячная сваёй камандзе — рэдактару Андрэю Хадановічу, карэктару Ігару Кулікову, мастачцы Дашы Куліковай, дызайнэрцы Лізе Дубінчынай і выдавецтву «Янушкевіч», якія цярпелі вялікія перапынкі ў працы над зборнікам, пры гэтым не забывалі, што я там напісала.
У мяне ёсьць такое адчуваньне, што нявыдадзеныя вершы я заўжды нашу з сабой. Яны ціснуць на мяне пры напісаньні новых, і гэта становіцца ўсё цяжэй. І пакуль я ня выдала кнігу, я цягала ўсе гэтыя літары, рыфмы, сэнсы за сабой. А выданьне зборніка — гэта як свайго роду вызваленьне, абнуленьне, я адпусьціла гэтыя вершы, гэтыя эмоцыі, і гатовая да новых.
У мяне не зусім добра разьвітая ўнутраная матывацыя, але вонкавая — усе гэтыя пытаньні «Ну калі зборнік?», «Што там з кнігай?» мяне і раздражнялі, і падганялі адначасова. Так што я ўдзячная ўсім, хто мяне падштурхоўваў да выданьня кнігі тым ці іншым чынам.
Пра назву кнігі
Сьлёзы на вецер —
гэта проста
дождж.
— Я вельмі эмацыйны чалавек, таму рэдка атрымліваецца чакаць дажджу і ўвогуле чакаць, каб выплюхнуць пачуцьці. Плачу, калі мне кепска, страшна, крыўдна, ад страты, несправядлівасьці. Ня ведаю, што такое «сьлёзы шчасьця», звычайна, калі радуюся, адчуваю сябе шчасьлівай, па-іншаму выказваю гэта. Магу яшчэ на нейкай шчымлівай сцэне фільма пусьціць сьлязу. Дарэчы, назву кнігі «Сьлёзы на вецер» прапанаваў Андрэй Хадановіч, і гэта быў найлепшы варыянт сярод тых, якія я разглядала. Хаця верш, адкуль гэтая фраза, ня самы, лічу, лепшы ў кнізе, але ён адыграў сваю ролю.
Пра паэзію на барыкадах
б’юцца ў вокны галінкамі дрэвы
рабі стрэлы
птушка дзюбай драпае шкло
бяры пяро
коціцца ў ногі чорны каменьчык
вастры наканечнік
слухай, я кепска страляю з лука
божа, кожны робіць тое, што можа
мы разам шукаем дарогу, якая ідзе ўгару
у хвіліны маўчаньня нараджаюцца ворагі
я гавару
— Скажу, напэўна, банальную рэч: ёсьць вершы, якія ты сам прыдумляеш, круціш, працуеш над радкамі, а ёсьць вершы, якія ты проста трансьлюеш, быццам нейкі прыбор, што пераўтварае энэргію, думкі, настроі ў словы. Гэты верш — трансьляцыя, і я ня ведаю, як гэта працуе.
Пра канфлікт літаратурных пакаленьняў
Мяне запрасілі ў галерэю ўсяго старога,
бар адзінокіх сэрцаў і алькаголікаў (такая вось таўталёгія),
у бібліятэку імя пісьменьніка-не-чытала-
ніводнай-кнігі,
у кавярню «Сустрэнь свайго былога»…
Няёмка было адмовіцца.
Я выйшла на сцэну.
Я проста чытаю тут вершы.
Не перашкаджаю нікому?
Магу і цішэй.
Зь мікрафонам і безь мікрафона,
з музыкай і бяз музыкі,
з гледачамі і без слухачоў.
Я проста чытаю тут вершы.
Гучыць як сарамлівае апраўданьне,
прызнаньне ў чымсьці кепскім.
— Тут я пішу хутчэй пра занядбанасьць паэзіі і культуры ў агульным, чым пра канфлікт літаратурных пакаленьняў. У мяне ёсьць магчымасьць назіраць за літпрацэсам збоку ў іпастасі і паэткі, і арганізатаркі літаратурных імпрэзаў адначасова. Гэты верш — такі ціхі шэпт адчаю пра тое, што паэзія не настолькі моцна запатрабаваная зьява, як бы мне гэтага хацелася.
Пра літаратурны працэс у сучаснай Беларусі
Працэс літаратурны —
літаратурмы,
літаратруны.
— Апошнім часам зьдзіўляюся, як раскрываюцца вершы ў пэўным кантэксьце часу і абставін. Думаю, што ў разьвіцьці літаратур сьвету ёсьць свае пэрыяды — росквіту, заняпаду, народнай падтрымкі, дзяржаўнай падтрымкі. Пакуль я адчуваю сытуацыю так. Але гэта дакладна не назаўсёды. Гэты верш — рэкардсмэн па пастах у фэйсбуку і інстаграме, яго вельмі часта фоткаюць альбо цытуюць тыя, хто ўжо купіў і прачытаў мой зборнік. Я радуюся, што ў людзей адгукаюцца мае словы, але я смуткую, якія менавіта словы адгукаюцца (бо ў кнізе ёсьць і больш-менш пазытыўныя вершы). Але час і абставіны цяпер такія.
Пра беларускую мову
Мова не ўваходзіць у моду.
Мова даўно на шчыце.
І па шчацэ цячэ.
— Цяпер беларуская мова для беларусаў — гэта ўвасабленьне надзеі, гэта тое, што кожны можа зрабіць (размаўляць па-беларуску), каб выявіць сваю пазыцыю. І пакуль гэта не забаранілі, дзякуй Богу. Я вельмі цешуся, калі бачу гісторыі ў сацсетках пра тое, як людзі размаўлялі па-беларуску і да іх прыязна ставіліся, ці пачыналі дзяліцца сваімі гісторыямі пра вывучэньне беларускай мовы. Сама адчуваю, што стаўленьне да беларускай мовы ў грамадзтве за апошні год стала больш цёплым і ёсьць нейкая ўнутраная павага.
Пра псыхалягічныя лекі
Найлепшы прыватны псыхоляг —
навігатар на польскай мове:
dalej prosto.
— Бываюць такія станы, калі ты сам сябе мучыш думкамі, што рабіць далей, як жыць, чым займацца… У падобным стане я ехала па польскай дарозе ў горы і пачула, што навігатар кажа «далей — проста», і падумала, што трэба менш заганяцца. Так і нарадзіўся гэты верш.
Пра каханьне
Пыл пад ложкам захоўвае сны.
Кожны раз, калі ты мне сьнісься,
я мыю падлогу.
…
Не пішу пра каханьне:
яно — мярцьвяк.
пра яго або добра,
або ніяк.
— Каханьне для мяне — радасьць, а калі яно ўзаемнае — радасьць у квадраце. Гэта апора і перашкода адначасова. Каханьне — гэта натхненьне для розных рэчаў, як добрых, так і кепскіх. Прыкладна траціна вершаў у маёй кнізе — пра каханьне ў той ці іншай форме. І ведаеце, я не лічу, што гэта кепска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новы канон літаратуры на беларускай мове». Марыя Мартысевіч пра Абдзіраловіча і выдавецкую сэрыю GRADUS