Былая адвакатка Людміла Казак: «Свабода — гэта чыстае сумленьне і незапэцканыя рукі»

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такая Людміла Казак

  • Людміла Казак — адвакатка з 20-гадовым стажам. Мае сям’ю, траіх дзяцей.
  • Пасьля выбараў аказвала юрыдычную дапамогу пацярпелым у пратэстах.
  • Стала абаронцай Марыі Калесьнікавай пасьля таго, як яна і яе адвакаты Максім Знак і Ільля Салей на пачатку верасьня 2020 г. аказаліся фігурантамі крымінальнай справы.
  • 24 верасьня Людмілу Казак затрымалі і неўзабаве прызналі вінаватай у адміністрацыйным правапарушэньні паводле арт. 23.4 КаАП. У лютым 2021 г. яе за гэта пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі на падставе пастановы Мінʼюста.

Людміла Казак

«У любы момант можна захаваць сумленьне і адмовіцца ад супрацьпраўных патрабаваньняў»

— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— У мяне ўжо быў досьвед па палітычных справах («Плошча-2010», «Белы легіён»). Але падзеі 2020 году відавочна адрозьніваліся па сваіх маштабах. Напрыканцы траўня арыштавалі Сяргея Ціханоўскага, і я пачала працаваць па гэтай справе. Тады ж ужо пайшлі і першыя адміністрацыйныя справы. І іх колькасьць сьведчыла, што наша грамадзтва на мяжы сурʼёзных падзей. Што тычыцца абароны Марыі Калесьнікавай, то я заключыла зь ёй дамову яшчэ ў ліпені 2020 г. З улікам асобы Марыі я не сумнявалася, што буду аказваць ёй юрыдычную дапамогу.

Калі ў верасьні арыштавалі яе першых адвакатаў Максіма Знака і Ільлю Салея, калі ўзьніклі праблемы зь ліцэнзіяй у трэцяга адваката Аляксандра Пыльчанкі, я ў душы ўжо была гатовая, што мяне не міне такі самы лёс. Я і раней сутыкалася з прэтэнзіямі Мінʼюста. І выдатна ведаю, што за намі пільна прыглядаюць. Але падзеі разгортваліся так імкліва, я была занятая ў такой вялікай колькасьці спраў, што забывала пра тое, што мяне таксама могуць закрануць рэпрэсіі.

Галоўным узрушэньнем пасьля выбараў для мяне стала жорсткасьць улады да сваіх жа грамадзян, шматлікія парушэньні іх правоў. Адвакаты бачылі гэта на свае вочы, працуючы на Акрэсьціна 9–11 жніўня. Мы ня толькі працавалі ў судах, але арганізавалі дзяжурства каля ізалятара, дзе юрыдычная дапамога аказвалася практычна нон-стоп. Потым пачалі зьяўляцца першыя падазраваныя па крымінальных справах, зьвязаных з пратэстамі. І я на свае вочы бачыла цялесныя пашкоджаньні кліентаў, слухала зь першых вуснаў апісаньне тых падзей. Гэта было жудасна і накладала велізарны адбітак. Хацелася максымальна дапамагчы людзям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі адхіляць усіх, Калесьнікава будзе абараняць сябе сама», — у адвакаткі Людмілы Казак забралі ліцэнзію

Чаму судзьдзі не заўважалі тых траўмаў і парушэньняў правоў? Мы абмяркоўвалі гэта ў сваіх колах. І ў мяне адзін адказ: судзьдзі, якія ў той смутны час выконвалі сваю «працу», апынуліся там невыпадкова. Яны, верагодна, і дагэтуль пастаянна працавалі па такіх справах, і для іх, па вялікім рахунку, не было нічога новага. І раней неправамерныя рашэньні па справах, зьвязаных з удзелам у масавых мерапрыемствах, былі пастаўленыя на паток. Такі самы канвэер паўтарыўся і летам 2020 году. Але трэба адзначыць, што значная частка пастаноў па адміністрацыйных справах за 9–11 жніўня, разгледжаных на Акрэсьціна, былі пазьней адмененыя гарадзкім судом. Было так шмат працэсуальных парушэньняў, што вышэйстаячы суд ня мог не рэагаваць.

З часам, мабыць, тыя судзьдзі пераканаліся, што знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, прызвычаіліся да думкі, што проста робяць сваю справу, і таму канвэер не спыняецца. Тое, што адбывалася ў жніўні, працягваецца і цяпер.

Я азнаёмілася са сьпісам асоб, хто трапіў пад апошнія санкцыі, і магу адзначыць, што кожны прадстаўнік судовай і праваахоўнай сыстэмы апынуўся там абсалютна невыпадкова.

Ці можна было ім адмовіцца? Мы ж ведаем гісторыю судзьдзі зь Пінску Аляксея Пацко. Гэта яркі прыклад, што можна ў любы час захаваць сваё сумленьне і адмовіцца ад таго, што табе навязваюць. Спадзяюся, што ён быў такі не адзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот у падтрымку адвакаткі Людмілы Казак, якая абараняе Калесьнікаву, падпісалі больш 100 яе калег

«Зачыняюцца адны дзьверы, адчыняюцца іншыя, калі зроблены правільны выбар»


— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Я страціла самае важнае — сваю любімую працу, якой аддадзена пара дзясяткаў гадоў. Страціла сваіх кліентаў, якія па-ранейшаму маюць патрэбу ў дапамозе. Гэта ня толькі Марыя Калесьнікава. Некаторыя кліенты засталіся без маёй дапамогі на піку патрэбы. Я дагэтуль атрымліваю ад іх словы падтрымкі і спагады.

Але калі зачынены адны дзьверы, адчыняюцца іншыя, галоўнае — зрабіць правільны выбар. Адчыніліся яны і перада мной. Таму я ні кропелькі не сумую. Я працаздольная, ведаю, якую карысьць магу прынесьці грамадзтву, маю магчымасьць прымяніць свае веды. Хай ня так, як раней, але гэта часова. А ў найбліжэйшай будучыні, упэўнена, мае магчымасьці толькі пашырацца.

На днях была апэляцыя па маёй справе. Я доўга сумнявалася, ці ісьці, бо вынік быў відавочны. Але ўсё ж такі змарнавала пару гадзін і атрымала чаканае рашэньне, што «ўсё было законна». Тым ня менш я лічу важным давесьці гэтую справу да канца. Буду абскарджваць далей у парадку нагляду, прайду ўсю працэдуру ў межах нацыянальнага заканадаўства, а потым, думаю, зьвярнуся ў міжнародныя інстанцыі, бо на тое ёсьць усе падставы.

Дзяржаўныя органы пра мяне не забыліся. На дадзены момант падатковую інспэкцыю вельмі цікавіць маё фінансавае становішча за апошнія 10 гадоў. Высьветлілася, гэта адна зь «фішак», якую стасуюць сёньня шмат да каго. Гэта, вядома, нэрвуе. Але праз прыродны аптымізм я да выпрабаваньняў стаўлюся спакойна.

Сяброў, калег я ня страціла, бо ў маім асяродзьдзі надзейныя, прыстойныя людзі. Усе засталіся са мной і падтрымліваюць, як могуць. А з тымі, хто мае іншыя погляды, мы засталіся ў звычайных працоўных адносінах.

Відавочных наступстваў для маёй сямʼі не было, хоць усё можа здарыцца. Пакуль сытуацыя непрадказальная, і я, вядома, перажываю за дзяцей, мужа. І яны хвалююцца за мяне. На мужа легла больш вялікая адказнасьць па ўтрыманьні нашай немалой сямʼі. Гэта адбіваецца і фінансава. Але ўсё вырашальна.

Што я магу сказаць тым, хто тлумачыць сваю бязьдзейнасьць, маўчаньне клопатам аб сямʼі? Нічога. Калі людзі самі, праз асабісты досьвед ня прыйдуць да разуменьня, што трэба мяняць пазыцыю, на іх ніхто звонку не паўплывае.

— Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?

— Абараняючы Марыю Калесьнікаву, я пазнаёмілася з высакароднымі людзьмі, набыла сярод іх сяброў. Сёньня побач са мной толькі годныя, прыстойныя, ідэйныя людзі. Гэта галоўны набытак.

— Ці было гэта таго варта?

— У мяне няма ніякіх сумневаў. Я зрабіла ўсё як трэба, і нават больш. Па ўсіх справах, у тым ліку па абароне Марыі Калесьнікавай, я правяла велізарную працу, за якую мне ня сорамна. І стаўленьне маіх былых кліентаў пацьвярджае, што я ўсё рабіла правільна.

Я вельмі рада, што ў такі складаны для краіны пэрыяд была менавіта адвакатам, бо гэтая прафэсія аказалася запатрабаванай і вырашальнай, дазволіла мне дапамагаць людзям.

Я шчасьлівая, што ў мяне чыстае сумленьне і не запэцканыя рукі.

Я ўпэўненая, што хутка прававы дэфолт у краіне скончыцца, і мы вернемся да нармальнага становішча, усе змогуць працаваць па законе, людзі ня будуць баяцца хадзіць па вуліцах і выказваць сваю думку.

Ці зьменіцца мэнтальнасьць праваахоўнікаў і судзьдзяў, якія парушалі закон да гэтага? Думаю, што ў новых абставінах наўрад ці яны будуць на сваіх пасадах. Ім прыйдзецца жыць з каменем на сэрцы за тое, што яны робяць цяпер.

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду?

— Я лічу, што гэта відавочны ўплыў адвакацкай прафэсіі, тых задач, якія стаяць перад абаронцай. Гэта суадносіцца і з маёй унутранай патрэбай у справядлівасьці і праўдзе. Хлусьню я ненавіджу. Мне пашанцавала, што ўнутраныя памкненьні і рысы характару супалі з выбарам прафэсіі.

— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— Не спыняцца самім. І паважаць тых людзей, дзякуючы намаганьням якіх працэс вяртаньня закону і дабра не спыняецца ні на хвіліну. Намаганьні кожнага прывядуць да агульнай перамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джазмэн Павал Аракелян: «Свабода — гэта прагрэс, а прыстасавальніцтва — рэгрэс»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак: «Свабода — гэта шчасьце ўсьведамляць, што ад цябе нешта залежыць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі ёсьць дух свабоды, тады няма страху і смутку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінгвістка-выкладчыца Натальля Дуліна: «Свабода — гэта жыцьцё без крывадушнасьці»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская: «Свабода немагчымая без уласнай ахвяры»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфэкцыяніст Мікіта Салавей: «Свабодным мяне робіць адказнасьць за пацярпелых»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Ігар Ляшчэня: Мой сэнс свабоды — быць у Беларусі і дзейнічаць адкрыта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самбіст Сьцяпан Папоў: «Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану»