«Я не мяркую, што ўкраінскі народ непрыязны. Я мяркую, што ўкраінцы і расейцы ўвогуле адзін народ. Мы адзінае цэлае. Але кіраўніцтва сёньняшняй Украіны відавочна да нас непрыязнае. Інакш цяжка растлумачыць праект закону аб карэнных народах, які цяпер накіраваны ў Раду і ў якім запісваюць расейцаў як некарэнны народ Украіны», — сказаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адказаў на заявы Пуціна пра «адзін народ» і «вонкавае кіраваньне» ЎкраінайПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не пагадзіўся з Пуціным. Ён заявіў:
«Мы дакладна не адзін народ. Так, у нас ёсьць шмат агульнага. У нас агульная частка гісторыі, памяць, суседзтва, сваякі, агульная перамога над фашызмам і агульныя трагедыі... Мы дакладна не адзін народ. У кожнага з нас свой шлях. ...І яшчэ — немагчыма адначасова гаварыць пра „адзін народ“ і адкрыта захопліваць нашыя тэрыторыі і працягваць бойню на Данбасе. Гэта ж відавочна».
Пракамэнтаваць заявы Пуціна Свабода папрасіла ўкраінскага гісторыка Паўла Падабеда, які дасьледуе рухі карэнных народаў Расеі ў Цэнтры дасьледаваньня бясьпечнага асяродзьдзя «Прамэтэй» (Кіеў), і этнографа Віктара Давыдзюка, доктара філялягічных навук, прафэсара Ўсходнеэўрапейскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Лесі Ўкраінкі (Луцк).
Расейскага этнасу не існуе
Этнограф Віктар Давыдзюк лічыць нявартым камэнтаваць палітычныя заявы Ўладзіміра Пуціна з навуковага пункту гледжаньня.
«Украінцы — гэта ня толькі палітычная, але і этнічная супольнасьць. Расейскага этнасу як такога не існуе. І ДНК-генэалёгія — найлепшы таму доказ», — кажа навуковец.
Паводле яго, генатып украінцаў падобны да этнасу так званай Старадубшчыны,у якую цяпер уваходзіць 12 раёнаў Бранскай вобласьці сучаснай Расеі. Раней гэтыя раёны ўваходзілі ў паўночную частку былой Чарнігаўскай губэрні, у якой пераважна пражывала беларускае, украінскае і габрэйскае насельніцтва.
«Калі на паўночным захадзе вугорска-фінскі гаплатып N3 (сукупнасьць розных формаў аднаго і таго ж гену) складае 35 адсоткаў, то ў сярэдняй паласе — 11 адсоткаў. А ва ўдмуртаў — больш як 70. Ва ўкраінцаў аднолькавы генэтычны склад — ад Карпат да Варонежа і Старадубшчыны. З гэтымі абласьцямі мы сапраўды адзін народ. Мова і культура хутчэй зазнаюць зьмены, але генэтыку не падманеш. Асыміляцыйныя працэсы сярод мужчынскага насельніцтва адбываюцца праз 50 пакаленьняў. Сярод жаночага — яшчэ да канца ня вызначана, але гаворка можа ісьці пра сотні пакаленьняў», — патлумачыў Віктар Давыдзюк.
Тэзіс пра адзіны народ — папярэджаньне для карэнных народаў Расеі
Гісторык Паўло Падабед мяркуе, што расейскі прэзыдэнт недарма зноў вярнуўся да ўлюбёнага некалі тэзісу пра адзінства народаў. Ва ўкраінскім парлямэнце разглядаецца праект закону аб карэнных народах Украіны, да якіх расейцы ня будуць залічаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане БеларусьсюПаводле гісторыка, тэма карэнных народаў, якую Пуцін «абсмоктвае» з розных бакоў і спрабуе ў нэгатыўным сьвятле прадставіць украінскія заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваны на розных спажыўцоў, як у самой Расеі, гэтак і звонку.
«Найперш — на вонкавых спажыўцоў, каб выставіць Украіну як дзяржаву, якая ня дбае пра нацыянальныя і этнічныя меншасьці, і па-другое — апярэдзіць усё тое, што могуць сказаць экспэрты і адмыслоўцы ў міжнацыянальных дачыненьнях у самой Расеі», — мяркуе Паўло Падабед.
«Пуцін згадаў пра „адзін народ“, калі гаворка ішла пра фіна-вугорскія народы Расейскай Фэдэрацыі, пра (іхныя субэтнасы) эрзя і мокша і пра палітыку так званай „мардванізацыі“ — адзін з такіх стаўпоў асыміляцыйнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да фіна-вугорскіх народаў. Пуцін разумее, пра што гаворыць, бо пра большасьць тых правоў, якія маюць нацыянальныя меншасьці ва Ўкраіне, у тым ліку і расейская, і вугорская, і іншыя меншасьці, карэнныя народы Расеі нават марыць ня могуць. Гаворка ідзе як пра наяўнасьць нацыянальных палітычных партый ва Ўкраіне, як, напрыклад, вугорская, якія ня проста зарэгістраваныя, а маюць і свае прадстаўніцтвы ў органах мясцовага самакіраваньня, так і пра навучальныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі, свае рэлігійныя арганізацыі і гэтак далей», — патлумачыў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыйскі генштаб і «ўкраінцы ў Пскове»: што Пуцін распавёў пра ЎкраінуПаводле яго, у Расеі нават такі шматмільённы народ, як татары, больш як 30 гадоў дабіваецца стварэньня татарскага ўнівэрсытэту, а Масква пасьлядоўна гадамі адмаўляе ў такіх правах. «Я ўжо не кажу пра тое, што ў Расеі з 2001 году ліквідаваныя ўсе нацыянальныя палітычныя партыі, і нічога падобнага, як ва Ўкраіне, там няма, хоць яны былі і карысталіся падтрымкай».
«Тэматыка пра „адзін народ“ — гэта такога кшталту пасыл да карэнных народаў Расеі, якія таксама хочуць большых правоў і сувэрэнітэту нацыянальных рэспублік. І гэтае выказваньне, у тым ліку, накіравана і ўнутранаму спажыўцу, бо цяпер актыўна абмяркоўваецца павелічэньне суб’ектаў Фэдэрацыі і далучэньне нацыянальных рэспублік да ненацыянальных абласьцей Расеі, і ўвогуле востра стаіць пытаньне пра ліквідацыю нацыянальных рэспублік. А гэтыя тэмы выбухованебясьпечныя і для самой Расеі, і мяркую, што Пуцін гэта цудоўна ўсьведамляе, таму і мусоліць падобнага кшталту пасылы», — перакананы Паўло Падабед.
Гісторык дадаў, што кіраўніцтва Расеі ня можа ўплываць на Ўкраіну і яе дзяржаўнае будаўніцтва, як яно гэта робіць, напрыклад, з Татарстанам, Башкартастанам ці іншымі нацыянальнымі рэспублікамі.
«Расея можа нападаць, пагражаць, захопліваць тэрыторыі, але наўпрост ня можа вызначаць палітыку дзяржаўнага будаўніцтва ва Ўкраіне, таму і ўзьнікаюць размовы пра „адзін народ“ і пра тое, што трэба шанаваць адзінства. А як гэтае адзінства выглядае па-расейску — гэта ўсе ведаюць на прыкладах Грузіі, Малдовы, Украіны і Сырыі. Мяркую, што і прадстаўнікі карэнных народаў таксама ўсё цудоўна бачаць і разумеюць, таму спрабуюць іх рознымі шляхамі засьцерагчы — ня рыпайцеся, бо будзе гэтаксама, як з суседзямі», — мяркуе Паўло Падабед.
Парлямэнт ухваліў закон аб карэнных народах Украіны
- 1 ліпеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла адразу ў цэлым закон аб карэнных народах Украіны. Да іх залічаныя тыя нацыянальнасьці, якія ня маюць сваёй незалежнай дзяржавы, але шчыльна і ў вялікай колькасьці пражываюць на ўкраінскай тэрыторыі.
- У прыватнасьці, да карэнных залічаныя народы, якія сфармаваліся на тэрыторыі Крымскага паўвострава — крымскія татары, караімы і крымчакі.
- У законе вызначанае права гэтых народаў на самавызначэньне, падтрыманьне сваёй нацыянальнай культуры, мовы, рэлігіі, стварэньне нацыянальных навучальных устаноў, а таксама гарантаванае права на прадстаўніцтва ў органах дзяржаўнага і мясцовага кіраваньня. Згодна з гэтым законам дзяржава гарантуе карэнным народам прававую абарону ад генацыду і іншых гвалтоўных дзеяньняў супраць іх.