Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе аб «выдаваньні зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня». Яго дзеяньні кваліфікуюцца паводле ч. 1 ст. 407 Крымінальнага кодэксу. Пакараньнем у гэтым артыкуле зьяўляецца штраф або арышт.
Пэўна, адной з падставаў для завядзеньня крымінальнай справы на Казлова стала ягоная адмова ў сьнежні даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допыту ў Сьледчым камітэце ў «справе Каардынацыйнай рады», у якой Казлоў праходзіць сьведкам.
Палітык сказаў Свабодзе, што разабрацца ў справе, заведзенай на яго, ня так і проста:
«Там так усё намяшана, што цяжка нешта вылучыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць лідэра АГП Мікалая Казлова завялі крымінальную справу — за «разгалошваньне зьвестак» пра перасьлед Каардынацыйнай радыРазам з тым старшыня АГП ня мае ніякіх сумневаў наконт таго, што гэта палітычна матываваная справа. Крымінальны перасьлед супраць сябе, а дакладней, падставы для яго, палітык лічыць цалкам прыдуманымі. Ён расказаў, што мае адваката, аднак будзе бараніцца і самастойна, «зыходзячы з таго, што невінаваты».
Пасьля сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году Мікалай Казлоў ужо затрымліваўся і адбываў адміністрацыйны арышт. Умовы ўтрыманьня ў ізалятары і стаўленьне адміністрацыі турмы да вязьняў пры Лукашэнку палітык параўнаў з пэрыядам фашызму.
Палітычная рада АГП патрабавала ад судзьдзяў і сілавікоў спыніць перасьлед беларусаў за выказваньне сваіх думак і грамадзянскую пазыцыю. Шэраг сяброў партыі прайшлі праз арышты і крымінальны перасьлед у 2020 і 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Казлоў: «Чалавека за пытаньне кінулі ў камэру голым. Фашызм адчувае сябе зусім камфортна ў ЦІПе, у СІЗА». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўленьне званьня правяло мяжу паміж мной і Карпянковым», — Мікалай Казлоў