Ці падобная цяперашняя сытуацыя ў Беларусі на час пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе? Ці аднолькавыя мэты маюць пэрсанальныя і сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу? Ці не падштурхнуць санкцыі афіцыйны Менск у абдымкі Масквы?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі.
Клысіньскі
- Сытуацыя ў Беларусі беспрэцэдэнтная.
- Любыя гістарычныя паралелі вельмі рызыкоўныя.
- Калі параўноўваць з часамі ваеннага становішча ў Польшчы ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя, то ціск тагачаснай камуністычнай улады быў слабейшым.
- Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі набліжаецца да таталітарызму.
- Людзей катуюць за камэнтары ў інтэрнэце, зробленыя паўгода таму.
- Я прафэсійна займаюся Беларусьсю 14 гадоў і я ня памятаю нічога падобнага.
- Беларусь ператварылася ў лягер для незадаволеных, а іх большасьць.
- У Лукашэнкі няма чаго пазытыўнага прапанаваць людзям.
- Рэпрэсіі могуць толькі ўзмацняцца — Лукашэнка ў яго становішчы ня бачыць іншага выйсьця.
- На міжнароднай арэне Беларусь ператварылася ў краіну-ізгоя.
- Раней МЗС Беларусі прадстаўляла сваю краіну донарам рэгіянальнай бясьпекі, гэтага больш ня існуе.
- Калі Жузэп Бурэль сказаў, што эканамічныя санкцыі — гэта адказ на згон самалёту, ён меў на ўвазе, што гэта было апошняй кропляй.
- Эўразьвяз — гэта сыстэма абмеркаваньняў, без дыскусіяў і кампрамісаў тут не прымаюцца рашэньні.
- Каб прымусіць ЭЗ увесьці сэктаральныя санкцыі, трэба было зрабіць нешта экстраардынарнае.
- Калі Лукашэнка паспрабуе гандляваць палітвязьнямі, прынамсі лёгка зараз у яго гэта не атрымаецца.
- ЭЗ настроены дзейнічаць адносна Беларусі рашуча і пасьлядоўна.
- Я сумняюся, што калі Лукашэнка нават вызваліць Пратасевіча і Сапегу, ЭЗ зьмякчыць санкцыі.
- Нават калі ён раптам вызваліць 500 палітвязьняў, ЭЗ наўрад ці здыме санкцыі.
- Тады могуць толькі пачацца перамовы наконт новых выбараў у Беларусі.
- Крытэры эфэктыўнасьці санкцыяў такія ж складаныя, як і сам Эўразьвяз.
- Цяпер у ЭЗ існуе кансэнсус, што першая мэта — вызваленьне палітвязьняў, але галоўная мэта — новыя выбары.
- Большасьць у ЭЗ мяркуе, што Лукашэнка не зьяўляецца надзейным партнэрам і адкрываць ізноў зь ім дыялёг немэтазгодна.
- Мэта ЭЗ — ня толькі і ня столькі «паказаць зубы», але і спрыяць, дамагацца пазытыўных зьменаў у Беларусі.
- За гады працы ў Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў я рабіўся ахвярай перасьцярогі — калі Захад будзе ціснуць на Менск, гэта кіне Беларусь у абдымкі Масквы.
- Але гэта мела сэнс у мінулым, калі мы бралі пад увагу варыянт, што некалі мы вернемся да дыялёгу з Лукашэнкам.
- Зараз ён ідзе на беспрэцэдэнтную брутальнасьць і беспрэцэдэнтна адарваўся ад рэальнасьці.
- Ён месяц таму сказаў Пуціну, што палякі бягуць у Беларусь, каб прышчапляцца «Спутником».
- Паколькі мы не разьлічваем на вяртаньне дыялёгу з Лукашэнкам, нам ня варта баяцца, што санкцыі падштурхнуць яго да Масквы.
- Пакуль выдаткі санкцыяў не перавышаюць карысьць, якую яны прыносяць.
- Санкцыі, якія ЗША прынялі адносна Польшчы пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў 1981 годзе, адыгралі станоўчую ролю, яны паскорылі нэгатыўныя працэсы ў польскай эканоміцы.
- Цяперашняя Беларусь больш залежыць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў, чым Польшча залежала ад савецкіх паставак у 1980-я гады.
- Санкцыі падштурхнулі камуністычныя ўлады Польшчы да перамоваў з апазыцыяй.
- Тое самае можа адбыцца ў Беларусі.
- Тут ёсьць маральнае пытаньне — як павінны паводзіць сябе апазыцыйныя палітыкі.
- «Салідарнасьць» была прафсаюзам, які перарос у палітычны рух.
- І як арганізацыя, якая прадстаўляе рабочых, яна не магла заклікаць да санкцыяў.
- Яна і не заклікала, і гэта было правільнае рашэньне.
- Было вядома, што амэрыканскія ўлады санкцыі ўвядуць незалежна ад таго, будзе ці ня будзе да іх заклікаць «Салідарнасьць».
- Мяркую, што магчыма і беларускай апазыцыі варта было б не заклікаць да санкцыяў, каб паказаць, што для іх галоўнае — краіна і лёсы людзей.
Што было раней
- 24 чэрвеня Рада Эўразьвязу ўвяла сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.
- Санкцыі былі ўведзеныя пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і наступнага затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій. Уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.