«Усё прыцягнута за вушы». Ідзе суд над Мікалаем Дзядком

Мікалай Дзядок

Абвінавачаньне Мікалая Дзядка пракурор зачытваў ня больш за 10 хвілін. На думку бацькі Мікалая Дзядка Аляксандра Дзядка, які выказаўся ў перапынку працэсу, абвінавачаньне не грунтуецца на бясспрэчных доказах.

У Менскім гарадзкім судзе пачалі судзіць анархіста Мікалая Дзядка, які ў 2010-х адбыў за кратамі 5 гадоў за напады на будынкі і парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня і выйшаў на волю па амністыі. Цяпер Мікалая Дзядка вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак; незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.

Мікалаю Дзядку пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

У пачатку працэсу Мікалай Дзядок заявіў, што не прызнае віны ні па адным з артыкулаў. Палітвязень прасіў, каб да ягонай абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы дапусьцілі юрыста Аляксандра Дзядка, ягонага бацьку, але суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.

Мікалай Дзядок быў затрыманы ў верасьні 2020 году ў Асіповіцкім раёне, дзе жыў на арандаванай кватэры. На відэа, паказаным па затрыманьні дзяржаўнай тэлевізіяй, ён выглядаў моцна пабітым. Пазьней гэта пацьвердзіў Дзядок-старэйшы, які бачыўся з сынам у СІЗА. Таксама, паводле Аляксандра Дзядка, апэратыўнікі ўжывалі да ягонага сына электрычнасьць. Скарга Дзядка-старэйшага ў пракуратуру выніку не дала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць палітвязьня Міколу Дзядка, ён не прызнае віны

Да суду Мікалая Дзядка ўтрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага. Сваякі актывіста скардзіліся на тое, што да яго некалькі разоў не дапускалі адваката, абмяжоўвалі ў ліставаньні, зьмяшчалі ў карцар.

На працэсе Мікалая Дзядок выглядаў схуднелым і бледным, але трымаўся бадзёра. Падсудны хадайнічаў аб выдаленьні з судовай залі журналісткі «СБ» Людмілы Гладкай, але суд хадайніцтва адхіліў.

Абвінавачаньне Мікалая Дзядка пракурор зачытваў ня больш за 10 хвілін. На думку бацькі Мікалая Дзядка Аляксандра Дзядка, які выказаўся ў перапынку працэсу, абвінавачаньне не грунтуецца на бясспрэчных доказах.

«Усё прыцягнута за вушы, асабліва абвінавачаньне ў захоўваньні выбуховых рэчываў. Дапыталі двух сьведак, якія прысутнічалі пры ператрусе і бачылі ў шафе тыя бутэлькі з гаручай вадкасьцю, якія прыпісваюць Мікалаю, але яны так і не змаглі засьведчыць, што гэта ягоныя рэчы. Доказ мусіць быць пэўным, бясспрэчным, інакш гэта не доказ, І ўся справа такая ж — вельмі хісткая», — мяркуе Аляксандар Дзядок, які раней працаваў судзьдзём.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады баяцца іх як лідэраў супраціву». Бацька Міколы Дзядка пра новыя абвінавачаньні сына ў тэрарызьме. ВІДЭА

У справе тры сьведкі. Пасьля кароткага перапынку суд дапытаў трэцяга сьведку — гэта знаёмая Мікалая Дзядка Вольга Радзівонава, якая раней пражывала ў кватэры, дзе затрымалі падсуднага, яна і параіла яму арандаваць гэтае жытло. Вольга Радзівонава згадала, што зьявілася ў кватэры праз колькі дзён ад затрыманьня Мікалая Дзядка. «У кватэры быў беспарадак, бачыла пагнуты штатыў відэакамэры, але самой камэры ня бачыла», — успамінала сьведка. Вольга сказала, што нічога ня ведае пра бутэлькі, якія, паводле пратаколу вобшуку, былі знойдзеныя ў шафе. Рэвізіі рэчаў у кватэры сьведка не рабіла.

Мікалая Дзядка трымаюць у жалезнай клетцы, яго ахоўваюць 4 міліцыянты. Суд над анархістам адкрыты, наведнікаў правяраюць праз мэталашукальнік. Праз каранавірусныя абмежаваньні ўсім ахвочым месца не хапае.

У справе Мікалая Дзядка тры тамы дакумэнтаў. У першай палове дня суд дапытаў усіх сьведак, пасьля абедзеннага перапынку пачне вывучаць матэрыялы справы, і тады мусіць даць паказаньні падсудны Мікалай Дзядок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці актывіст Шарэнда не прыйшоў на свой суд, яго абвясьцілі ў вышук
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атмасфэра сьпякотная ва ўсіх сэнсах». Што вядома пра суд па «справе Ціханоўскага»