З упраўленьня расейскага прэзыдэнта па працы са зваротамі грамадзян і арганізацый Юліі Дуднікавай адказалі, што яе электронны зварот ад 26 чэрвеня на імя прэзыдэнта Расеі зарэгістраваны.
«Інфармуем, што пытаньні, выкладзеныя Вамі ў электронным паведамленьні, не ўваходзяць у кампэтэнцыю дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіраваньня і службовых асобаў Расейскай Фэдэрацыі», — адказалі Юліі Дуднікавай з Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.
Пра што маці Ягора напісала Пуціну
Юлія Дуднікава, якая жыве ў расейскім Саратаве, прасіла Ўладзіміра Пуціна не пакінуць сям’ю ў бядзе і дапамагчы. Яна расказала, што яе 20-гадовага сына затрымалі 5 траўня ў Менску. Ягору прад’яўляюць абвінавачаньне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. — РС) за тое, што ён агучваў ролікі для апазыцыі.
«Мы з маім дзіцем ужо амаль два гады жывём асобна, таму я ня ведаю пра яго палітычныя погляды. Я ведаю толькі, што ён туды паехаў дзеля дзяўчыны, зь якой сустракаецца ўжо 5 гадоў. Ён проста закаханы хлапчук, які не разумеў, ува што ўмешваецца», — піша маці.
Юліі Дуднікавай і амбасадзе Расеі не паведамілі пра затрыманьне Ягора, а таксама пра месца яго знаходжаньня. Пасьля беспасьпяховых пошукаў сына цягам двух сутак маці выпадкова даведалася ад дзяжурнага адваката, што Ягор знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
«Я ня маю юрыдычнай адукацыі і не магу меркаваць аб ступені віны майго сына, тым больш не атрымліваючы ніякай афіцыйнай інфармацыі», — піша маці ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Расеі да ЗША. Хто ў Беларусі сядзіць «за палітыку» з іншаземным грамадзянствамТолькі праз два тыдні і з дапамогай амбасады РФ наняты Юліяй адвакат змог трапіць да Ягора ў СІЗА КДБ. Адвакат перадаў ад Ягора інфармацыю пра тое, што зь ім адбылося.
«Ня гледзячы на адсутнасьць супраціўленьня, яго вельмі моцна пабілі пры затрыманьні і псыхалягічна зь яго зьдзекаваліся (пагражалі яго здароўю і здароўю ягоных родных). Таксама пагражалі фізычнай расправай (абяцалі „закапаць як бульбу“ ў лесе, палохалі зброяй), а таксама не давалі хадзіць у туалет і спаць. Ад страху за сваё жыцьцё яму давялося на камэру прызнацца ва ўсім, нават у тым, чаго ён не рабіў», — паведаміла Юлія Дуднікава Ўладзіміру Пуціну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, калі не напішу яўку з павіннай — прызнаюць тэрарыстам»,— 20-гадовы расеец напісаў зь СІЗА пра сваё затрыманьнеЦяпер Ягор Дуднікаў знаходзіцца ў менскім СІЗА на Валадарскага. Паводле маці, яна практычна не атрымлівае ад сына лістоў і да яго ейныя лісты амаль не даходзяць.
«Пасьля апошняга візыту адваката да майго сына я дазналася пра яго дрэннае самаадчуваньне, пра адсутнасьць наведваньня лекараў, вельмі дрэнныя ўмовы ўтрыманьня, што выклікае велізарную трывогу за яго здароўе, — піша ў звароце да Пуціна маці. — А таксама вельмі турбуе доўгі разгляд ягонай справы, якая практычна ня рухаецца зь мёртвага пункту. Улічваючы стан здароўя майго сына і ўмовы ўтрыманьня, прашу Вас паспрыяць у дэпартацыі Ягора на радзіму або зьмене меры стрыманьня — пераводзе пад хатні арышт. Шчыра прашу Вас не пакінуць лёс майго сына па-за ўвагай, гэтаксама як вы не пакінулі без увагі сытуацыю зь іншымі затрыманымі ў Беларусі грамадзянамі Расеі».
Цяпер Юлія зьбіраецца зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі. Раней яна зьвярталася ў Сьледчы камітэт Беларусі з просьбай перавесьці сына на хатні арышт, але адказу адтуль пакуль няма. Таксама яна пісала да старшыні Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслава Валодзіна, упаўнаважанага ў правах чалавека РФ з просьбай аб дапамозе ў вызваленьні сына і вяртаньні яго на радзіму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены ў Менску расеец Дуднікаў паскардзіўся на катаваньні і абмежаваньне ліставаньня