«Малю Бога, каб гэта было проста супадзеньне»
«Дзянісу стала нядобра ў карцары. Ён паклікаў турэмнікаў, яму выклікалі лекара, які яго паглядзеў», — расказвае Людміла Івашына.
Калі дакладна гэта было, маці ня ведае. Дзяніс сядзеў у карцары з 19 па 24 чэрвеня. Гэта другое ягонае пакараньне карцарам за парушэньне правілаў унутранага распарадку. За што менавіта, родныя ня ведаюць. Першы раз яго зьмяшчалі ў карцар на 7 дзён.
Калі Дзяніс выйшаў з карцару ў пятніцу 25 чэрвеня, яго паказалі кардыёлягу, які акурат прыехаў у турму, зрабілі кардыяграму, выпісалі трое лекаў.
«Я малю Бога, каб гэта было проста супадзеньне, што лекара ў той дзень выклікалі ў турму, а не спэцыяльна да Дзяніса, бо інакш гэта б значыла, што сыну было вельмі кепска», — кажа маці палітвязьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзяніса Івашына ў карцары здарыўся сардэчны прыступ, — кажа маці«Пазьняк напісаў, што Івашына могуць забіць»
Людміла Івашына ведае, што сына прыкладна двойчы на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ. Яна мяркуе, што яму могуць прапаноўваць супрацоўніцтва або прызнацца ў нейкіх злачынствах. Маці ўпэўненая, што сын не парушаў закону, таму прызнавацца няма ў чым.
«Я вельмі баюся, што падчас гутарак яму могуць прапанаваць гарбату, а туды дабавіць усё, што заўгодна. Зянон Пазьняк нядаўна напісаў у артыкуле, што Дзяніса Івашына могуць забіць. Я ня ведаю, чаму ён так сказаў. Але Зянон Станіслававіч проста так ня піша. Я спаць не магу! На Дзяніса накладвае адбітак пастаянны стрэс, зь якога ён не выходзіць», — кажа маці.
Людміла Івашына ведае, што ў камэры цяпер вельмі горача і душна. Яна 25 чэрвеня хадзіла на прыём да намесьніка начальніка горадзенскай турмы. У просьбе перадаць Дзянісу ў камэру вэнтылятар ёй адмовілі.
Больш за месяц ад Дзяніса няма лістоў сваякам. За апошнія паўтара месяцы Івашыну ў турму прыйшлі толькі два лісты ад маці і жонкі, хаця яны пішуць лісты штотыдзень. 6 чэрвеня ў Івашына быў дзень народзінаў, аднак віншавальную тэлеграму ад маці яму таксама не перадалі.
«Намесьнік начальніка, гледзячы мне проста ў вочы, з усьмешкай адказаў: „Ня можа такога быць. Колькі пішуць — столькі атрымлівае“. Гэта сапраўдныя катаваньні», — пераказвае Людміла Івашына адказ службоўца наконт лістоў.
Абноўлена. А 12-й гадзіне 29 чэрвеня Людміла Івашына напісала ў фэйсбуку, што паразмаўляла з намесьнікам начальніка турмы. Той сказаў ёй, што стан здароўя Дзяніса нармальны і не выклікае асьцярог. А таксама запэўніў, што яны ўважліва ставяцца да стану здароўя сваіх апекаваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены журналіст Дзяніс Івашын трапіў у карцарСправа Івашына. Галоўнае
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.
Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць.
Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пусьцілі на пахаваньне бабулі, прыносяць «СБ». Як жыве ў турме журналіст Дзяніс Івашын ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты