Як Эўропа рэагуе на «контрасанкцыі» афіцыйнага Менску

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль сказаў, што, прыпыніўшы ўдзел у праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», «Беларусь зрабіла яшчэ адзін крок назад».

«Гэта яшчэ больш узмоцніць напружанасьць і выразна нэгатыўна адаб’ецца на жыхарах Беларусі, пазбавіўшы іх магчымасьцяў, якія дае наша супрацоўніцтва», — напісаў Мішэль у сваім Твітэры.

У іншым твіце Мішэль напісаў, што «народ Беларусі можа разьлічваць на ЭЗ».

«Мы выступаем за вас салідарна і з практычнай падтрымкай. Мы нагадваем пра ваша права абраць прэзыдэнта на новых, свабодных і сумленных выбарах», — падкрэсьліў ён.

Зьвяртаючыся да «рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі», Мішэль заклікаў «паставіць будучыню Беларусі на першае месца».

«Эўразьвяз шкадуе аб рашэньні рэжыму Лукашэнкі прыпыніць свой удзел у праграме «Ўсходняга партнэрства». Гэтая праграма накіравана на ўмацаваньне адносін паміж Эўразьвязам і краінамі-партнэрамі», — заявіла прадстаўніца зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Набіла Масралі, выказаўшы думку, што гэтае рашэньне «зьяўляецца дэманстрацыяй пагарды да беларускага народу».

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз гатовы працягваць супрацоўніцтва зь беларускім народам.

«Нягледзячы на рашэньне рэжыму Лукашэнкі прыпыніць удзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», мы гатовыя надалей працаваць зь беларускім народам, каб мацаваць сувязі, спрыяць рэгіянальнаму супрацоўніцтву і вырашаць супольныя задачы», — напісаў дыплямат у сваім Твітэры.



28 чэрвеня МЗС Беларусі выклікаў кіраўніка Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску Дырка Шубэля і заявіў, сярод іншага, аб прыпыненьні свайго ўдзелу ва «Ўсходнім партнэрстве» і пачатку рэалізацыі працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на санкцыі Беларусь прыпыніла сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і зрабіла іншыя захады

Праграма «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу была запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Удзел ва «Ўсходнім партнэрстве» працягнецца ад імя новай Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі МЗС пра «контрасанкцыі» Беларусі: «Такія рашэньні незаконнымі кіраўнікамі не прымаюцца»