Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што ідэя выхаду Беларусі з ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» — гэта новая дэманстрацыя няўпэўненасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Ён помсьціць, але такімі дзеяньнямі толькі праяўляе слабасьць і недальнабачнасьць. „Усходняе партнэрства“ — гэта праграма, якая адкрывае для нашай краіны мноства магчымасьцяў, уключна з адукацыяй, кантактамі паміж людзьмі, новымі палітычнымі і эканамічнымі сувязямі. Лукашэнка хоча пазбавіць беларусаў усяго гэтага. Але я хачу нагадаць: усе ягоныя рашэньні з 9 жніўня 2020 году ня маюць законнай сілы. Ён прадстаўляе толькі свае інтарэсы, якія наносяць відавочную шкоду інтарэсам народу», — так адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская на ініцыятыву МЗС Беларусі выйсьці з праграмы «Ўсходняе партнэрства».
Беларусь па-ранейшаму зацікаўленая працягваць удзел ва «Ўсходнім партнэрстве», адзначыла Сьвятлана Ціханоўская. Яна, яе каманда і ўсе дэмакратычныя сілы працягнуць працаваць з эўрапейскімі партнэрамі, каб у праектах ініцыятывы Беларусь прадстаўлялі тыя, хто сапраўды мае права гаварыць ад імя народу, падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на санкцыі Беларусь прыпыніла сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і зрабіла іншыя захады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская прыбыла ў Люксэмбург на запрашэньне Жузэпа Бурэля. Размова пойдзе пра санкцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае Бэльгію і Люксэмбург, выступіць на пасяджэньні Рады замежных спраў ЭЗ