Таксама кіраўніцтва фонду патрабуе ад міжнародных спартовых фэдэрацый забраць у Беларусі права на правядзеньне любых рэйтынгавых турніраў. Заява апублікаваная на старонках BSSF у сацсетках.
26 чэрвеня падчас спаборніцтваў у трыятлёне ў Менску сілавікі затрымалі Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку. Спартоўцаў даставілі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а затым у ІЧУ да суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трох раварыстаў затрымалі на менскім трыятлёнеМенская міліцыя ў афіцыйным камэнтары паведаміла, што «трое мужчын дэманстратыўна выкрыквалі лёзунгі пратэставага кшталту» і гэта зьявілася падставай для іх затрыманьня.
У сваю чаргу алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя запэўніла: фонд зробіць усё, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у выкарыстаньні празьмернага і беспадстаўнага гвалту проста падчас спаборніцтваў і дапаможа пацярпелым.
Яна таксама зьвярнула ўвагу, што дзяржаўныя СМІ пасьля інцыдэнту распаўсюдзілі «прызнаньні» затрыманых. Гэты інцыдэнт чарговы раз даказвае, што ў Беларусі ніводнаму спартоўцу, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў ня можа быць гарантаваная бясьпека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпійскія дысыдэнты. Як будуць ужывацца між сабой у Токіё беларускія спартоўцы-антаганісты«Наш фонд неаднаразова папярэджваў міжнародныя арганізацыі пра небясьпеку правядзеньня якіх-небудзь спартовых мерапрыемстваў. Мы зноў бачым, як арганізатары нават адкрытых нацыянальных спаборніцтваў ня ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконьню. Такая сытуацыя ставіць пад сумнеў магчымасьць правядзеньня нават аматарскіх стартаў», — гаворыцца ў заяве.
У зьвязку з гэтым Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заклікаў узмацніць ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі і пазбавіць яго чарговай забавы — тэлетрансьляцый Алімпійскіх гульняў у Токіё.