У скаргах ён прасіў прыцягнуць да адказнасьці аўтараў перадач на СТВ Рыгора Азаронка і Юлію Арцюх за выказваньні, якія не адпавядаюць рэальнасьці, і нецэнзурную лексыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перакладчыцу Калацкую асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за 2 поўхі Азаронку. ФОТАПра што гаворка?
Ільля Міронаў палічыў, што аўтар СТВ Рыгор Азаронак парушае закон. У сваім тэлеграм-канале супрацоўнік дзяржаўнай тэлевізіі разьмясьціў здымак Сьвятланы Ціханоўскай і напісаў камэнтар да яго, выкарыстаўшы нецэнзурную лаянку і абразы. (З этычных прычынаў Радыё Свабода ня можа цытаваць гэтыя выказваньні).
Юлія Арцюх у сваёй перадачы «Нягладка» на тэлеканале СТВ казала, што «чалавека, які перажыў вайну, ніколі не прымусіш падняць бел-чырвона-белы сьцяг над галавой».
У звароце ў Міністэрства інфармацыі Ільля Міронаў зазначыў, што Васіль Быкаў – беларускі пісьменьнік, які перажыў вайну, так казаў пра бел-чырвона-белы сьцяг:
«Iншага сьцяга ў нас няма i ня можа быць». Першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які таксама бачыў вайну, паважліва выказваўся пра бел-чырвона-белы сьцяг.
«Ён быў зацьверджаны ў 1918 годзе, калі была ўтворана БНР. А тое, што прыдумалі надмагільны вянок з арнамэнтам – гэта выдумкі людзей, якія ня маюць уяўленьня пра геральдыку».
«Артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі права на атрыманьне поўнай, праўдзівай і актуальнай інфармацыі. Закон «Аб СМІ» гаворыць аб праўдзівасьці інфармацыі. Міністэрства інфармацыі мае права выносіць пісьмовыя папярэджаньні за парушэньне заканадаўства. Патрабую вынесьці папярэджаньне Юліі Арцюх і зьняпраўдзіць распаўсюджаную ёй інфармацыю», – напісаў у скарзе Ільля Міронаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын за бацькам. Кароткая гісторыя кар’еры Рыгора АзаронкаШто адказала міністэрства
Наконт выказваньняў Рыгора Азаронка міністэрства адказала:
«Калі вы лічыце, што інфармацыя, якую распаўсюдзіў Рыгор Азаронак, зьневажае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю канкрэтнай фізычнай асобы, то гэтая асоба можа зьвярнуцца ў суд. Толькі суд мае права вызначыць, ці былі распаўсюджаны такія зьвесткі і ці зьневажаюць яны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю канкрэтнай фізычнай асобы».
Міністэрства інфармацыі адмовілася выносіць папярэджаньне Юліі Арцюх:
«Аўтарская рубрыка Юліі Арцюх «Нягладка» не адносіцца да афіцыйных матэрыялаў, якія распаўсюджваюцца ад імя органаў дзяржаўнага кіраваньня. У гэтай рубрыцы аўтар выказвае сваю думку. Права на выказваньне сваёй думкі журналіст мае ў адпаведнасьці з артыкулам 34 закону «Аб СМІ». Гэта асабістая думка і ня можа разглядацца як афіцыйнае паведамленьне», – патлумачыў намесьнік міністра Кунцэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядоўцу тэлеканалу СТВ Арцюх занесьлі ў базу «Миротворець»