Сядзіба Цюндзявіцкіх у Галошаве Талачынскага раёну афіцыйна атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі. Адпаведная пастанова зьявілася 23 чэрвеня, падпісаная Віцебскай абласной управай культуры, паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына».
У сакавіку кіраўніцтва Віцебскай вобласьці зьбіралася зьнесьці сядзібу XIX стагодзьдзя, якая, нягледзячы на гістарычную значнасьць, не належала да сьпісу каштоўнасьцяў.
Самы вядомы выхадзец старадаўняга роду, які жыў у гэтай мясцовасьці, — Міхал Цюндзявіцкі, паплечнік Кастуся Каліноўскага і ўдзельнік вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гадоў. Яго расстралялі расейскія акупацыйныя ўлады. Маёнтак у Галошаве пабудавалі ўжо пасьля яго сьмерці. Ягоныя ўладальнікі ўцяклі ў Польшчу пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году.
У галоўным будынку ў савецкі час месьцілася школа, якая пазьней закрылася. Тэрыторыя сядзібы паступова прыйшла ў заняпад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзякуючы грамадзкаму розгаласу ўдалося прадухіліць знос сядзібы Цюндзявіцкіх у Талачынскім раёне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імёны Свабоды: Міхал Цюндзявіцкі