Сакрэтныя дакумэнты Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі аб маршруце эсьмінца ў Чорным моры знайшлі на аўтобусным прыпынку

Эсьмінец «Defender»

Брытанскія вайскоўцы старанна плянавалі праходжаньне эсьмінца «Defender» каля ўзьбярэжжа анэксаванага Расеяй Крыму і не выключалі агрэсіўнай рэакцыі расейскага флёту і ВПС на дзеяньні брытанскага карабля.

Гэта вынікае з сакрэтных дакумэнтаў Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, якія апынуліся ў журналістаў BBC.

У Міністэрстве абароны Расеі 23 чэрвеня паведамілі, што расейскія вайскоўцы адкрылі папераджальны агонь па курсе брытанскага эсьмінца «Defender» паблізу анэксаванага Крыму. У выніку эсьмінец зьмяніў курс. Аднак у Вялікай Брытаніі сьцьвярджэньні аб папераджальных стрэлах зьняпраўдзілі. У брытанскім Міністэрстве абароны заявілі, што стрэлаў не было, а Расея, як мяркуецца, праводзіла заплянаваныя вайсковыя вучэньні. У сваю чаргу, эсьмінец «Defender» зьдзяйсьняў мірны праход праз тэрытарыяльныя воды Ўкраіны ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз магутны пажар у Ганконгу патанулі 10 караблёў

Тэчку з дакумэнтамі за дзень да інцыдэнту ў Чорным моры на аўтобусным прыпынку ў графстве Кент недалёка ад Лёндана знайшоў і перадаў журналістам мінак.

Дакумэнты, якія атрымалі журналісты, — электронная перапіска і прэзэнтацыі, якія адносяцца да місіі эсьмінца «Defender» У прыватнасьці, яны ўключаюць у сябе абмеркаваньне магчымага маршруту брытанскага карабля.

Паводле дакумэнтаў, прапаноўваліся два варыянты праходу: адзін паблізу ўзьбярэжжа Крыма, другі — на аддаленьні ад яго. Выбралі першы варыянт — як сьцьвярджаецца, таму, што другі мог бы стварыць уражаньне, што Вялікая Брытанія згодная з расейскімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі на Крым. Удзельнікі абмеркаваньня не выключалі жорсткай рэакцыі Расеі, у прыватнасьці вайскова-марскога флёту і авіяцыі, на дзеяньні эсьмінца, мяркуючы, што зваротная рэакцыя Расеі можа быць «бясьпечная прафэсійная» і «небясьпечная і непрафэсійная».

У Мінабароны Вялікай Брытаніі прызналі факт страты дакумэнтаў і заявілі, што праводзяць у сувязі з гэтым расьсьледаваньне. У ведамстве фактычна пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнтаў, цытаваных у публікацыі BBC, назваўшы цалкам нармальным тое, што вайсковае ведамства старанна плянуе свае апэрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе можа зьявіцца ўнівэрсытэт для рэпрэсаваных Лукашэнкам і Пуціным