Людмілу Хлусевіч судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядала судзьдзя Марына Кацуба. Пацярпелы міліцыянт зь Вілейкі, Міхаіл Жарыкаў, на суд не зьявіўся, паведаміў Свабодзе з суду валянтэр Ільля Міронаў.
«Яшчэ невядома, хто пацярпелы — я ці ён. Я 10 кіляграмаў за апошні час страціла, здароўе пагоршылася. Хай бы мне ў вочы паглядзеў», — сказала ў судзе пэнсіянэрка.
Паводле абвінавачаньня, Людміла Хлусевіч у сваім камэнтары дала нэгатыўную ацэнку прадстаўніку ўлады, прынізіла ягоны аўтарытэт і годнасьць.
«Я не хацела абразіць яго асабіста. У мяне была такая агульная думка, пра ўсіх міліцыянтаў. Я пісала камэнтар, але гэта не яго тычылася, ён проста там папаўся. Ён такі вельмі вялікі, у яго вялікі твар, у мяне было такое пытаньне — чаго яны такія ўсе тлустыя? У мяне была такая эмоцыя. Я ж не напісала там ягонае прозьвішча. Я ўвесь час сяджу дома, на таблетках, я сёньня жыву, заўтра можа не, а яны ў мяне (міліцыянты. — РС) аднялі палову жыцьця», — казала на судзе жыхарка Рэчыцы.
Яна дадала, што слова «тварь» — літаратурнае, яно ўжываецца і ў Бібліі, і ў Дастаеўскага, а на беларускай мове азначае «лицо».
«У мяне былі эмоцыі — хто адкажа за нашых забітых людзей, за пабітых, параненых? Я ж ня проста так пакінула камэнтар, бо той міліцыянт таксама нешта благое рабіў, ці біў людзей, ці здымаў іх на камэру... Я ўсе падзеі пасьля выбараў прапускала праз сваё сэрца, начамі ня спала, плакала. Чаму ніводзін міліцыянт не пакараны за гвалт? А вось які ён крыўдлівы... Нас можна біць, а яны судзяцца за адно слова!» — казала Людміла Хлусевіч.
Яна лічыць, што шматгадзінныя допыты яе, выклікі ў міліцыю ці вываз у міліцыю на вачах у суседзяў — катаваньні.
«У мяне нэрвы, і лекары пацьвердзілі, што ў мяне нэрвовае зьнясіленьне. У мяне ціск пачаў падымацца да 220, такога раней не было. Я пражыла нялёгкае жыцьцё, і тут яшчэ гэты суд! Калі я напісала ліст, што ў маёй сьмерці будзе вінаватая дзяржава — то што тут ня так? Мне ў ладкі пляскаць дзяржаве, што за сорак гадоў стажу маю 360 рублёў пэнсіі?», — казала на судзе жыхарка Рэчыцы.
Па выніках першага дня паседжаньня судзьдзя прызначыла псыхіятрычную экспэртызу і абвясьціла перапынак у працэсе.
65-гадовая жыхарка Рэчыцы Людміла Хлусевіч у адной з сацыяльных сетак выказалася пад фатаздымкам, на якім міліцыянт б'е хлопца.
Празь некаторы час да жанчыны прыйшлі сьледчыя і завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы Хлусевіч у абразе прадстаўніка ўлады (369 арт. КК). Пасьля гэтага адзін за адным пайшлі допыты. Ня вытрымаўшы ціску, у роспачы жанчына напісала перадсьмяротную запіску, якая трапіла ў інтэрнэт.
Паводле адваката, ёй пагражае ці вялікі штраф, ці «хатняя хімія».