Драма Пратасевіча як мадэль паводзінаў для іншых палітвязьняў

Раман Пратасевіч, 14 чэрвеня

Перавод Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пад хатні арышт сьведчыць пра тое, што ўлады працягваюць шматхадовую гульню, выкарыстоўваючы апазыцыйнага журналіста як важкую фігуру.

Сьцісла

  • Найперш ставіцца задача з дапамогай Пратасевіча дыскрэдытаваць апазыцыю, пацьвердзіць умяшаньне Захаду ў справы Беларусі.
  • Улады імкнуцца «прадаць» Расеі скандал з самалётам.
  • Дэманстрацыя «гуманізму» адрасавана заходняй аўдыторыі, каб зьмякчыць эканамічныя санкцыі.
  • Фэномэн маральна зламанага ворага, які раскаяўся, шмат што тлумачыць у беларускай палітыцы.
  • Пераход на другі бок барыкад паказваецца як мадэль паводзінаў для ўсіх палітвязьняў, якія хочуць датэрмінова выйсьці на свабоду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт

Улады, пэўна, вырашылі, што калі ўжо затрыманьне Рамана Пратасевіча абярнулася такімі маштабнымі ахвярамі (закрыцьцё паветранай прасторы, сэктаральныя санкцыі ЭЗ), то трэба выкарыстаць палоннага напоўніцу. Тым больш што згода Рамана «супрацоўнічаць са сьледзтвам» адкрыла перад кіраўніцтвам дзяржавы пэўныя магчымасьці. Гульня адбываецца шматхадовая, арыентаваная на розных адрасатаў. Адначасова вырашаецца некалькі задач.

Найперш, вядома, гэта дыскрэдытацыя апазыцыі. «Выкрывальніцкія» заявы Пратасевіча павінны пацьвердзіць увесь той нэгатыў у адрас палітычных апанэнтаў, які шырокай плыньню льецца з тэлеканалаў БТ амаль цэлы год. Плюс дыскрэдытацыя краін Захаду (нібыта прыведзеныя Пратасевічам «доказы» кіраваньня пратэстамі заходніх спэцслужбаў). Гэта ўсё праца на ўнутраную аўдыторыю.

Каб «прадаць» скандал з самалётам Расеі, беларускія ўлады пачалі рабіць акцэнт на тым, што Раман нібыта ваяваў на Данбасе. Гэта прыцягнула актыўную ўвагу расейскіх мэдыя. У кантэксьце вырашэньня гэтай задачы зьявілася гульня (як высьветлілася пазьней, няўдалая) з самаабвешчанай ЛНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо ў руках Расеі, і гэта ягоны выбар. Інтэрвію з былым спэцпрадстаўніком ЗША па Ўкраіне

Перавод пад хатні арышт расейскай грамадзянкі Софʼі Сапегі, — гэта таксама жэст у бок Масквы, дэманстрацыя «гуманізму» беларускага рэжыму.

Праява «гуманізму» адрасаваная і заходняй аўдыторыі. Там шмат пісалі, што Пратасевіча катуюць. І на спачуваньні да ахвяры дыктатарскага рэжыму (а ня толькі праз парушэньне бясьпекі авіяпалётаў) грунтавалася мэдыйная кампанія супраць рэжыму Лукашэнкі. Зьяўленьне Рамана на публіцы здаровым, бадзёрым і з усьмешкай на твары мусіла абвергнуць усе гэтыя жарсьці. У гэтым кантэксьце варта разглядаць і перавод Рамана пад хатні арышт.

Таксама гэтым зьяўленьнем Пратасевіча на публіцы афіцыйны Менск імкнуўся калі не прадухіліць, то зьмякчыць эканамічныя санкцыі. Маўляў, заходнія палітыкі ня маюць рацыі, яны робяць няправільныя высновы. Аднак тут атрымалася ня вельмі ўдала. Бо ніхто ня можа растлумачыць беларускаму кіраўніцтву, што для заходняй грамадзкасьці такія прыёмы абсалютна непрымальныя. Прымушаць палітвязьня казаць патрэбныя турэмнікам словы і выразы — гэта з пазыцыі эўрапейскіх каштоўнасьцяў ёсьць грубае парушэньне правоў чалавека, недапушчальны спосаб маральнага, псыхалягічнага ціску. Таму эфэкт ад зьяўлення Пратасевіча на прэсавай канфэрэнцыі 14 чэрвеня аказаўся адваротным. Хацелі, як лепш, а атрымалася, як заўсёды. Такім спосабам санкцыі прадухіліць не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайшоў месяц пасьля пасадкі самалёта Ryanair у Менску. Што зьмянілася за гэты час

Яшчэ адзін аспэкт гэтай чарговай беларускай драмы завязаны на псыхалёгіі аднаго чалавека. Фэномэн маральна зламанага ворага, які раскаяўся, шмат што тлумачыць у беларускай палітыцы. Цягам усяго прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі шматлікім палітвязьням настойліва прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні. Для кіраўніка дзяржавы гэта было прынцыпова важна. І цяпер «тэрарыст» аказаўся зусім ня страшным. Вораг, які плача перад тэлекамэрай, просіць літасьці і ласкі ад «Аляксандра Рыгоравіча» — гэта той палітычны дывідэнд, які перакрывае ўсе нэгатыўныя наступствы скандалу з самалётам. Маральна зламаны праціўнік стаў бальзамам на траўмаваную душу, псыхалягічнай сатысфакцыяй за перажытыя дні стрэсу летам і восеньню мінулага году.

Пасьля гэтага можна праявіць і «гуманізм». Сёньня ў Беларусі звыш 500 палітзьняволеных. Аднак «гуманізм» праяўлены толькі адносна Юрыя Васкрасенскага і Рамана Пратасевіча. (Соф’я Сапега ў гэтым шэрагу апынулася хутчэй за кампанію). Васкрасенскі і Пратасевіч ня проста пакаяліся публічна на камэру, але фактычна перайшлі на другі бок барыкад. Гэта мадэль паводзінаў для ўсіх палітвязьняў, якія хочуць датэрмінова выйсьці на свабоду.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі ацаніў страты авіяцыйнай галіны ад санкцый за пасадку самалёта Ryanair