Справу Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака накіравалі ў суд, ім пагражае да 12 гадоў турмы

Максім Знак і Марыя Калесьнікава і Максім Знак падчас прэс-канфэрэнцыі ў штабе Віктара Бабарыкі. Менск, жнівень 2020

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака.

Пра гэта паведамляе сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі. Іх абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады)— пакараньне ў ім ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі;
  • ч. 1 арт. 361 ( заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы) — ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі;
  • ч. 3 арт. 361-1 ( заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту)— ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

У чым вінавацяць Калесьнікаву і Знака

Паводле пракуратуры, Максім Знак і Марыя Калесьнікава,

  • «згодна з плянам, у розных месцах, абвясьціўшы і пазыцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасьці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г.,
  • страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіраваньня, слабасьці дзейнай улады.
  • Заклікалі да страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах з выстаўленьнем выключна палітычных патрабаваньняў як легальнага спосабу выказваньня сваіх думак.
  • Неаднаразова прама і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнаньня выбараў несапраўднымі, а дзейнага кіраўніка дзяржавы нелегітымным.
  • На прэс-канфэрэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 году ў Менску, Калесьнікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі аб стварэньні на ініцыятыву Ціханоўскай так званай «Каардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва для арганізацыі перадачы ўлады».
  • Іх дзеяньні пракуратура ацаніла як намаганьні для «захопу дзяржаўнай улады і зьмены палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам; распальваньне палітычнай, ідэалягічнай і сацыяльнай варожасьці ў грамадзтве».

Справу перадалі ў суд, а меру стрыманьня для Знака і Калесьнікавай пакінулі ранейшай – утрыманьне пад вартай.

Калесьнікава і Знак віну не прызнаюць. Раней адвакаты Марыі Калесьнікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падалі скаргу ў Сьледчы камітэт на пастанову аб прыцягненьні яе ў якасьці абвінавачанай. Але скаргу адхілілі.

Як адзначае тэлеграм-канал штабу арыштаванага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, пастанова не адпавядае патрабаваньням Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, выкладзеным у п. 2 ч. 1 арт. 241 і арт. 89.

Абвінавачваньне не канкрэтнае, не зьмяшчае неабходных, прадугледжаных законам, зьвестак, што не дазваляе Марыі Калесьнікавай ажыцьцяўляць сваю абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава ўганараваная прэміяй імя Яна Карскага

Перасьлед Марыі Калесьнікавай

Марыю Калесьнікаву схапілі летась 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну.

Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць шэрагу сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Перасьлед Максіма Знака

Юрыста і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 8 верасьня.

Яго абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду вонкавай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці (3/361).

У канцы сьнежня 2020 году Генэральная пракуратура завяла супраць Максіма Знака і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«Ніякіх законных падставаў ні для аднаго з абвінавачаньняў няма, — заявіў з гэтай нагоды адвакат Дзьмітры Лаеўскі».

Сёлета ў лютым Марыю Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак у інтэрвію з-за кратаў: «Зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абарона Калесьнікавай абскардзіла яе абвінавачваньне. Што ў ім ня так?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскай, Вераніцы Цапкала і прадстаўніцы Марыі Калесьнікавай уручылі нямецкую прэмію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай у красавіку перасталі перадаваць лісты