Зяленскі заявіў, што амаль год не размаўляў з Лукашэнкам

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі, кастрычнік 2019 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі быў упэўнены, што Аляксандар Лукашэнка выдасьць Кіеву затрыманых у Беларусі вагнэраўцаў, якіх украінскі бок лічыць датычнымі да ваенных злачынстваў у Данбасе. Калі Лукашэнка не зрабіў гэтага, камунікацыя зь ім спынілася, заявіў Зяленскі ў інтэрвію тэлеканалу «1 + 1», перадае БелаПАН.

«Цяпер няма [камунікацыі]. Апошні раз размаўлялі зь ім праз тэлефон, (…) калі вагнэраўцы былі на тэрыторыі Беларусі. Я пазваніў Аляксандру Рыгоравічу. Я сказаў яму, я яго папярэдзіў: я гатовы перадаць вам усю поўную інфармацыю, якая тычыцца тых людзей. Мы ўжо разумелі, якія там прозьвішчы, мы разумелі, хто яны такія», — сказаў Зяленскі

«Ён казаў мне: „Дарагі мой Уладзімір Аляксандравіч, ты ж ведаеш, як я да цябе стаўлюся, ты ж ведаеш, як Беларусь любіць Украіну. Ты ж ведаеш, я цябе не падвяду, усё будзе нармальна. Цяпер у мяне тут ня ўсё, значыць, спакойна, я разьбяруся“. Я быў упэўнены, што ён перадасьць нам гэтых забойцаў, гэтых вагнэраўцаў. Але потым сталася тое, што сталася», — апавёў Зяленскі.

Ён дадаў, што гэта была апошняя ягоная размова з Лукашэнкам.

Паводле яго, Украіна ня мела дачыненьня да гэтай спэцапэрацыі. «Я дакладна разумею, што ідэя гэтай апэрацыі была, скажам так, іншых краінаў, дакладна не Ўкраіны», — сказаў Зяленскі.

Ён правёў паралелі з пасадкай самалёта Ryanair у Менску і сказаў «дзякуй Богу, што мы праявілі пытаньне субʼектнасьці ў гэтым важным пытаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ўкраіна ўключыла беларускі фактар у стратэгію сваёй ваеннай бясьпекі. Што кажуць экспэрты

29 ліпеня 2020 году супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 «баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“», яшчэ адзін быў затрыманы ў Гомельскай вобласьці.

Спачатку Аляксандар Лукашэнка паабяцаў перадаць Украіне 28 баевікоў, датычных да канфлікту на Данбасе, але пасьля выбараў 9 жніўня ўсіх вярнулі ў Расею.

18 жніўня «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны і Службе бясьпекі Ўкраіны, а таксама на журналіста Юрыя Бутусава напісала, што апэрацыю затрыманьня групы баевікоў ПВК «Вагнэр» рыхтавалі ўкраінскія спэцслужбы, але яна правалілася. Нібыта 24 ліпеня групу мусілі прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група мела вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта стала б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б «вагнэраўцаў». Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: Расейскія найміты мелі дачыненьне да забойстваў цывільнага насельніцтва ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы

Паводле публікацыі, 24 ліпеня аб фінальнай стадыі апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічаў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.

25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбулу, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.

19 жніўня кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак назваў публікацыі аб вэрбаваньні наймітаў у Менску ўкраінскімі спэцслужбамі расейскай дэзынфармацыяй. Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў, што гэта магло быць апэрацыяй расейскіх спэцслужбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка заявіў, што сарваную ў Менску апэрацыю затрыманьня вагнэраўцаў плянавалі падчас ягонага прэзыдэнцтва