Дзеля якіх мэтаў былі ўведзеныя сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі? Якімі могуць быць наступствы ваеннага становішча, якое паабяцаў у адказ на санкцыі ўвесьці Лукашэнка? Якой будзе рэакцыя грамадзтва на санкцыі, ці выклічуць яны грамадзкі пад’ём?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў і былы дыплямат, старшы палітычны аналітык Цэнтру новых ідэяў Павал Мацукевіч.
Вусаў
- Мэта санкцыяў — выкананьне палітычных патрабаваньняў: вызваленьне палітвязьняў, спыненьне тэрору, арганізацыя новых свабодных дэмакратычных выбараў.
- На думку эўрапейскіх палітыкаў, ёсьць легітымны прадстаўнік ня толькі беларускай апазыцыі, але і беларускага грамадзтва — гэта Сьвятлана Ціханоўская.
- Іншымі словамі, мэта санкцыяў — выхад з палітычнага крызісу і дэмакратызацыя краіны.
- Эўразьвяз непасьлядоўны ў сваёй палітыцы, чацьвёрты пакет санкцыяў быў прыняты толькі тады, калі ўлады пайшлі на сілавы прымус да пасадкі самалёта Ryanair.
- Такія санкцыі, якія ўведзеныя цяпер, павінны былі быць уведзеныя пасьля выбараў 2020 году.
- Але тады ЭЗ спадзяваўся, што Лукашэнка пойдзе на перамовы.
- Аднак стала зразумела, што нічога мяняць ён не зьбіраецца, сыходзіць не зьбіраецца, і ЭЗ не засталося нічога іншага, як перайсьці да больш жорсткіх дзеяньняў.
- Пакуль Эўразьвяз вагаўся з санкцыямі, загінулі 12 чалавек.
- Адна з мэтаў санкцыяў — пазбаўленьне рэжыму і яго элітаў камфортнага існаваньня.
- Праблема санкцыяў у іх непасьлядоўнасьці. Калі ЭЗ адносна рэжыму будзе праводзіць такую ж палітыку, якую ён праводзіў з 2006 году — уводзяць санкцыі, палітвязьняў вызваляюць, санкцыі здымаюць, але сыстэма не мяняецца.
- Лукашэнка можа пайсьці на вызваленьне некаторых палітвязьняў, як гэта было ў 2012 годзе.
- Цяперашні прымус палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні — гэта пачатак той самай гульні, якая была і пасьля 2006 году, і пасьля 2010 году.
- Лукашэнка ня вызваліць ні Бабарыку, ні Калесьнікаву да таго часу, пакуль Захад не прызнае яго легітымным кіраўніком.
- Тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, будуць абвінавачваць у санкцыях Захад.
- Тыя, хто супраць Лукашэнкі, хто разумее, чаму былі ўведзеныя санкцыі, той будзе падтрымліваць гэтыя санкцыі.
- Я мяркую, што падзел будзе напалову.
- Ва ўмовах жорсткага рэжыму і нават ваеннага становішча нават пагаршэньне эканамічнага стану рэдка прыводзіць да адкрытых масавых выступаў.
Мацукевіч
- У якасьці асноўнай прычыны эканамічных санкцыяў называецца інцыдэнт з самалётам.
- Мяне крыху дзівіць, што рашэньне аб сэктаральных санкцыях прымаецца фармальна да завяршэньня міжнароднага расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам.
- Гэтае рашэньне — беспрэцэдэнтнае для беларуска-эўрапейскіх адносінаў.
- Насамрэч мэта санкцыяў — прывесьці да зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі.
- Я ня бачу, у чым шкода для рэжыму, для Лукашэнкі ад гэтых і папярэдніх санкцыяў.
- Яны дакладна паўплываюць на фінансавае становішча насельніцтва і прадпрыемстваў.
- Рабочыя БелАЗу і МАЗу, акрамя заробкаў, ня маюць іншых даходаў, у адрозьненьне ад «кашалькоў» рэжыму.
- Я мяркую, што праз пэўны час адкрыецца канфідэнцыйны канал паміж рэжымам і Захадам, па якім пачнуць абмяркоўваць узаемныя саступкі.
- Пакуль рэпрэсіўная машына ў Беларусі не збаўляе ходу, яна жыве па сваёй праграме.
- Улады заяўляюць, што санкцыі — гэта абвяшчэньне вайны.
- Ваеннае становішча азначае нават фармальнае права ўладаў на любыя дзеяньні.
- У нашую «камэру» пускалі паветра тады, калі была нармалізацыя адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам.
- Ва ўладных калідорах мала людзей, якія былі б задаволеныя гэтым санкцыйным змаганьнем.
- Мы ў пэўным сэнсе рушым у бок Паўночнай Карэі, ізаляцыя ўжо тычыцца і свабоды перасоўваньня, Беларусь заблякаваная.
- Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, за Лукашэнку не 3%, а 25%.
- Беднасьць дакладна не спрыяе пратэстам.
- У жніўні летась на пратэсты выходзілі ня бедныя.
- Калі б падобныя санкцыі былі ўведзеныя ў леташнім жніўні, яны маглі б мець грамадзкі эфэкт.
Што было раней
- Рада Эўразьвязу ўвяла ў дачыненьні да Беларусі сэктаральныя санкцыі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.
- 21 чэрвеня міністры замежных справаў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму.
- Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў заходнія санкцыі, ён лічыць, што беларускія прадпрыемствы абавязаныя паказаць іх неэфэктыўнасьць.
- Ён заявіў, што дапускае «ўвядзеньне ваеннага становішча ва ўмовах санкцыяў з боку Захаду».