Расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцэрыеў, які праз групу «Сафмар» кантралюе нафтавую кампанію «Русснефть», прыняў рашэньне пакінуць яе раду дырэктараў. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі.
«Міхаіл Гуцэрыеў прыняў рашэньне аб выхадзе са складу рады дырэктараў „Русснефть“. Адпаведная заява паступіла ў кампанію», — гаворыцца ў паведамленьні.
Гуцэрыеў трапіў у санкцыйны сьпіс Эўрапейскага зьвязу, які быў апублікаваны 21 чэрвеня. Эўразьвяз увёў забарону на ўезд і прыняў рашэньне замарозіць актывы 78 асобаў і 8 прадпрыемстваў. У санкцыйным дакумэнце пра Гуцэрыева гаворыцца: «Дзякуючы сяброўству з Лукашэнкам займеў значнае багацьце і ўплыў сярод палітычнай эліты ў Беларусі».
Міхаіл Гуцэрыеў — расейскі алігарх, старшыня рады дырэктараў групы «Сафмар» і нафтагазавай кампаніі «РуссНефть», ягоны асабісты капітал ацэньваюць у 2 мільярды даляраў. Сяброўства Лукашэнкі і Гуцэрыева пачалося ў 2000-х гадах, калі алігарх стаў прэзыдэнтам кампаніі «Славнефть»; тады ён заняўся будаўніцтвам нафтабазаў і бэнзастанцыяў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Алексін пасьля санкцый разьвітаўся з банкаўскімі актывамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя на санкцыі: уладальнік Synesis Шатроў перапісаў частку акцый на падначаленага, акцыі групы Гуцэрыева падаюць на біржыПадчас эпідэміі першай хвалі каранавірусу летась менавіта Гуцэрыеву паказальна тэлефанаваў Лукашэнка і прасіў дапамагчы з мэдыцынскай тэхнікай.
У Менску Гуцэрыеў пабудаваў гатэль «Рэнэсанс» і базу адпачынку ў Краснасельскім. Апроч таго, Гуцэрыеў — інвэстар рудніку ў Любані, які цяпер будуецца.
*У папярэдняй вэрсіі публікацыі памылкова сьцьвярджалася, што Міхаіл Гуцэрыеў мае дачыненьне да кампаніі VP Capital. Гэтая інфармацыя выдаленая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыі